Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́рчма ’стрымгалоў, як мага’ (Нас.), ’уніз галавой’ (Шымк. Собр.), ’старчма’ (Мат. Маг.), то́ршма ’тарчма’ (Бяльк.): торшма галавою (Гарэц.), тарчмако́м ’уніз галавой’ (Нас.) — прыслоўі ад дзеяслова тарчаць, тырчаць (гл.), без ‑ма параўн.: валасы на галаве сталі торч (Сержп. Казкі). Гл. таксама тарчма, старчма, старчак.

То́ршы ’больш торны (пра дарогу)’ (Нас.) — незвычайная простая форма вышэйшай ступені прыметніка торны (гл.), утвораная пры дапамозе суф. ‑ш‑ (па тыпу прыметнікаў з суплетыўнай асновай: горшы, меншы).

То́рыць ’хадзьбой, яздой пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Ласт.), ’ісці, накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. тори́ти, торува́ти ’утоптваць, пракладваць дарогу’, рус. тори́ть ’пракладваць баразну, сцежку, дарогу частай хадзьбой’, польск. torować ’тс’, utorować ’пракласці дарогу’, чэш. валаш. tořiť, ляш. torovať se, славац. torovať ’пакідаць след пасля сябе’, харв. чак. tòriti ’загнойваць’, ’выпаражняцца (пра скаціну)’. Прасл. *toriti ’пракладваць дарогу, сцежку’, з якім Буга (Rinkt., 2, 630) звязвае ўсх.-літ. tarýti ’вымаўляць, гаварыць’, літаральна — ’церці языком’; гл. таксама Фасмер, 4, 83. Разглядаецца як ітэратыў ад *terti ’церці’, мажліва, і прасл. *tariti, гл. тары́ць (Варбат, Этимология–1970, 58).

То́сі-то́сі ’прыпеўка ў дзіцячай забаўлянцы’: тосі, тосі, лапці, поідым до бабці (жабін., Дзіц. фальклор). Параўн. укр. то́сі ’выгук, якім суправаджаецца плясканне ў далоні пры гульні з малымі дзецьмі’, то́сяти ’пляскаць у далоні, забаўляючы дзіця’, польск. дыял. tosiać ’тс’. Мяркуюць пра гукапераймальны характар пачатку слоў, аформленых элементам -сі, што прыдае словам экспрэсіўны характар (ЕСУМ, 5, 609). Паводле Горбача (Дитяч., 7), дэфармаваная назва далоні, як і ладусі ’тс’ (< ладоні, гл. ладонь),

То́скаць ’штурхаць’, ’трэсці (стол)’ (Шатал.). Відаць, да то́рскаць (гл.) са спрашчэннем спалучэння зычных.

То́сна ’млосна’ (гродз., Сл. ПЗБ), то́скна ’тужліва, сумна’ (Ласт.), ст.-бел. то́скно ’тс’ (XVII ст., Карскі, 1, 88). Да таскні́ць ’тужыць, нудзіцца, сумаваць’ (гл.), параўн. ст.-польск. teskno/tesno ’сумна’, ’непрыемна, крыўдна’ і спрошчанае дыял. ckno (*tъskn‑ > *tskn‑ > ckn‑) ’сумна, тужліва’, ’моташліва, нудліва’, ’саладжава’, н.-луж. tešno, stysno ’палахліва, жудасна’, ’цяжка, змрочна’, в.-луж. tyšno ’тс’, ’сумна, маркотна, засмучана’, чэш. je mu teskno ’яго сум, туга бярэ за сэрца’, славац. teskno, tesno ’тужліва’. Да праславянскага прыметніка *tъsknъ ’смутны, тужлівы, прыгнечаны’, які ад назоўніка *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне, млоснасць, нуда’ (гл. таска), параўн. рус. тоска́ ’туга, нуда, смутак’, стараж.-рус. тъска ’бура на моры (з марской хваробай)’, ’цяжкасць, гора, сум, неспакой’ (Борысь, 632; Фасмер, 4, 88; ЁСУМ, 5, 612). Найбліжэйшым і.-е. адпаведнікам з’яўляецца літ. taũsti ’сумаваць’ (Махэк₂, 641).

Тост ’застольная здравіца, прапанова выпіць у гонар каго-небудзь’. Запазычана праз рускую мову з ням. Toast ці франц. toste альбо непасрэдна з англ. toast ’тс’, што з лац. panis tostus ’падсмажаны хлеб’, скібку якога разам са шклянкай (вады) у Англіі ставілі перад выступоўцам або перад тым, хто будзе абвяшчаць здравіцу (Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 609; Чарных, 2, 253). Сюды ж то́сцер, то́стэр ’прыстасаванне для падсмажвання хлеба’.

То́та ’заменнік воўка (у загадцы)’: ішоў тота каля плота (Барад.). Відаць, захаванае ў фальклоры ст.-бел. тотъ ’той’ з першаснага тъ‑тъ або то‑тъ (дзе то выводзіцца з ускосных склонаў займенніка параўн. Карскі 2-3, 86–87, 90). Гл. той.

То́ўба ’тоўсты, нязграбны чалавек’ (шчуч., Сл. ПЗБ; ТС), ’тоўстая, здаровая жанчына’ (гродз., ЖНС; Скарбы; Юрч. СНЛ), то́ўбіна, то́ўбішча, то́ўбачка ’тс’ (Юрч. СНЛ), то́ўбік ’таўстун’ (Юрч. Мудр.). Укр. то́вба ’непаваротлівы, няўклюдны, тоўсты чалавек (часцей — жанчына)’. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), не зусім яснае слова: магчыма, звязана з літ. taũbė ’тоўба’, якое ўзыходзіць да яўрэйскага імя Taube, параўн. ням. Taube ’голуб’. Зубаты (Studie, 1, 2, 164) супастаўляе са стаўбе́ня ’тоўсты, нязграбны чалавек’, укр. товпи́га, лат. stúlbs ’дурны’. Магчыма, утварэнне на -ба ад *toviti/*tyti ’адкормліваць, рабіцца тучным’ (гл. тучыць), параўн. тоўла, гл.

То́ўбаліць ’укладаць у памяць, убіваць у галаву’ (ТС). Відаць, варыянт дзеяслова з аглушэннем пачатковага зычнага, параўн. доўба́ніць экспр. ’гаварыць’ (ТС), лаянкавае до́ўбало дурно́е ’тупы чалавек’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), утворанае паводле тыпу ду́рбало ад ду́рбаць ’дзяўбці ў галаву, настойліва тлумачыўшы’, параўн. літ. dur̃binti ’выдоўбліваць дупло’.