Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мань ’ілгун’ (Мікуц.). Да мані́ць (гл.).

Ма́нька ’ляўша’ (Сцяшк.), укр. ма́нька, манько́, манькут ’тс’. Запазычана з польск. mańka, mania, mańkut ’левая рука’, ’ляўша’, якія з італ. mancato ’знявечаны’ < лац. mancus ’калека’.

Ма́нькі ’шарсцяныя рукавіцы з адным вялікім пальцам’ (жытк., ДАБМ, к. 333). Рус. арх. ма́ньки ’рабочыя пальчаткі без пальцаў’, ярасл., уладз., валаг., пск., цвяр. ма́нька ’жаночая муфта’. Да манька ’муфта’, якое з італ. manica ’рукаў’ (Фасмер, 2, 571).

Манько ’хлус, падманшчык’ (Шпіл.). Да мані́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 46–47.

Маньку́т1 ’манюка’ (Янк. 1, Янк. БП), маньку́ха, маньку́ціха ’ілгуха’ (Янк. 3.). З польск. mańkut, mańka ’ляўша’, якое змяніла семантыку: ’леварукі’ > ’які робіць не па-сапраўднаму’ > ’які хлусіць, падманвае’. Параўн. і польск. zażyć kogo z mańki ’ашукаць, падмануць, пажартаваць’. Польск. mańka, mańkut узыходзяць да італ. manca ’левая рука’.

Маньку́т2, маньку́та ’чучала, падобнае да цецерука, пры дапамозе якога палешукі лавілі цяцерак (Эр эм., Кіркор; браг., Нар. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з манькут1 (гл.), якое, аднак, асацыіравалася з бел. мані́ць (гл.).

Маньце́ль, маньцю́к ’манюка’ (докш., Янк. Мат.; Шат.; бар., Сл. ПЗБ). Да польск. mancić ’падманьваць, дурманіць, збіваць з панталыку, марочыць галаву’, ’высмейваць’, ’вымантачваць’.

Маню́к ’хлус, ілгун’ (лях., Сл. ПЗБ), маню́ка ’тс’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Шат., Нар. Гом., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; глус., докш., Мат. Янк.). Беларускае. Да мані́ць (гл.).

Ма́ня ’прывід, здань’ (Рам. 8), ма́нія ’тс’ (Ян.), укр. манія́, рус. паўн., усх. манья́ ’тс’. Да мана́ (гл. мані́ць) (Семяновіч, AfslPh, 11, 310). На месца націску ўплывае лексема ма́нія ’псіхічны стан’. Сюды ж манячыць ’ледзь бачыць’ (паўд.-усх., КЭС).

Маня́к1 ’хлус’ (жытк., Арх. ГУ), рус. калуж. мяньяк, польск. maniak ’тс’. Да мані́ць (гл.). Утворана ад назоўніка мана́ ’хлусня’. Аб суфіксе ‑ʼак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 146.

Маня́к2 ’дурак’ (браг., З нар. сл.). З манья́к ’апанаваны маніяй’, ст.-бел. маньякъ ’шалёны (XV ст.) было запазычана з с.-лац. maniacus (Булыка, Лекс. запазыч., 126).

Маняя́ ’прывід’ (паўд.-усх., КЭС). Да мані́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36.