Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дуць ’дуць, дзьмуць’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. дуть, чэш. douti, славен. dúti, балг. ду́я се і г. д. Прасл. *duti ’дуць і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 166. І.‑е. *dheu̯‑: *dhou̯‑ (параўн. ст.-інд. dhūyáte ’трасецца’, літ. dujà ’туман, пар’ і г. д.). Лічыцца, што ў слав. мовах змешваліся формы *duti і *dǫti. Гл. Фасмер, 1, 555–556; Трубачоў, там жа.

Дуча́й ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дуча́й ’тс’. Запазычанне з польск. duczaj ’тс’ (а гэта з італ. doccia ’водаправодная труба, жолаб’). Падрабязны агляд форм і семантыкі гл. у Фасмера, 1, 556; вельмі дэталёва Слаўскі, 1, 176. Іначай аб паходжанні польск. слова Брукнер, 102 (лічыць слав. словам; непераканаўча). Параўн. ду́чка.

Ду́чка ’алавяны ці гліняны шарык для гульні ў дучку’ (Касп.). Параўн. рус. ду́чка ’ямка, у якую заганяецца шар пры гульні ў лучку’. У бел. мове ду́чка ’шарык’ < ду́чка ’ямка для гульні ў дучку, у якую заганяецца шарык’. Лічыцца ідэнтычным словам з дуча́й (гл.). Гл. Фасмер, 1, 556; Слаўскі, 1, 176.

Душ ’душ’ (БРС). Рус. душ, укр. душ ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца франц. douche ’тс’ (< італ. doccia). Фасмер, 1, 556; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 217–218.

Душа́ ’душа і да т. п.’ (БРС). Рус. душа́, укр. душа́, польск. dusza, чэш. duše, серб.-харв. ду́ша, балг. душа́, ст.-слав. доуша. Прасл. *duša, вытворнае з суфіксам ‑j‑ ад *duxъ. Магчыма, аднак, што было ўжо і.-е. слова *dhou̯si̯ā (параўн. літ. daũsios ’паветра; рай’, мн. л.). Гл. Фасмер, 1, 556; Бернекер, 1, 239; вельмі падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 164.

Душа́нне ’бажба’. Гл. душа́цца.

Душа́цца ’бажыцца, прысягацца’ (Нас.), душа́нне ’бажба’ (Касп.). Відавочна, вытворнае ад душа́ (першапачаткова ’бажыцца, прысягацца душой’).

Ду́шны ’душны’. Рус. ду́шный, укр. душни́й, балг. ду́шен і г. д. Прасл. dušьnъ, прыметнік да *duxъ і іншых роднасных слоў гэтага гнязда. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 165–166.

Душы́ць ’душыць’ (БРС). Рус. души́ть, укр. души́ти, балг. душа́ ’тс’, серб.-харв. ду́шити і г. д. Прасл. *dušiti (з націскам на другім складзе), каузатыўны дзеяслоў да *dъxnǫti. Падрабязны агляд матэрыялу і меркаванні аб месцы націску гл. У Трубачова, Эт. сл., 5, 164–165.

Дуэлі́ст. Гл. дуэ́ль.