Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Візітант ’наведвальнік’ (КТС, Якуб Колас). Запазычана з польск. уст. wizytant ’тс’.

Візітацыя ’праверка ваенным суднам дакументаў і грузу на сустрэтым у адкрытым моры падазроным судне’ (КТС). Запазычана з рус. визитация ’тс’. Ст.-бел. визытацыя ’інспекцыя’ (1635 г.) паходзіць са ст.-польск. wizytacja < лац. vizitatio (Булыка, Запазыч., 63). Сюды ж ст.-бел. визытаторъ, визитаторъ (1691 г.) ’інспектар’ (Булыка, Запазыч., 62), якія паходзяць з польск.-лац. visitator.

Візітка ’візітная картка’ (КТС). Запазычана з рус. визитка, якое ўтварылася шляхам намінацыі ад визитная карточка пры дапамозе суф. ‑ка.

Візіцёр ’наведвальнік’ (БРС). Запазычана з рус. визитёр, франц. visiteur ’тс’ (Шанскі, 1, В, 95–96).

Візіянер ’чалавек, які мае схільнасць да галюцынацый’ (БРС). Запазычана з франц. visionnaire ’празорца, дзівак’ < лац. visto ’бачанне’ праз польскую мову. Сюды ж візіянерка, візіянерскі (БРС), візіянерства (КТС).

Візуальны ’які праводзіцца простым або ўзброеным вокам’ (БРС). Запазычана з рус. визуальный ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 76) < лац. visualis ’бачны’ (Шанскі, 1, В, 96).

Візурэнак, візэрунак ’узор’ (КТС), ст.-бел. визерунокъ ’малюнак, узор’ (1596 г.), укр. візерунок ’тс’. Запазычана са ст.-польск. wizerunk вобраз’ > польск. wizerunek (Булыка, Запазыч., 62) < ням. уст. Visierung ’партрэт, вобраз’ < франц. viser ’меціць’ (Мацэнаўэр, 369).

Війка ’невялікая лапатка для веяння’ (Выг.); гл. вейка. Да ве́яць (гл.). Мена ‑е‑ (‑ě‑) у ‑і‑ з’яўляецца характэрнай рысай беларускіх палескіх гаворак. Параўн. яшчэ укр. війка ’веялка’.

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Вікантэ́са ’жонка або дачка віконта’ (БРС). Да віконт (гл.). Запазычана з рус. виконтесса, франц. vicomtesse.