Валбу́ка, валбучча ’нарасць на целе, дрэве’ (КТС, КЭС), вальбука ’тс’ (Янк. II). Экспрэсіўнае ўтварэнне, магчыма, кантамінацыя валдыр і букаць ’біць’. Параўн. рус. балбука ’тс’ (Даль, 1, 161), а таксама волвеня, волвенка, волвянка ’грыб’ і ’ўдар, аплявуха’, вал ’нарыў’ (СРНГ, 4, 20).
Валва́ ’хваля, вадзяны грэбень, падняты ветрам’ (Яшк.). З валка з асіміляцыяй в‑н > в‑в.
Валвыканко́м (КТС). Абрэвіятура ад валасны выканаўчы камітэт.
Валга́р ’выпрацоўшчык смалы’ (КЭС). З ням. Waldgar (Булыка, Запазыч., 55).
Валды́р ’пухір, гуз’ (Касп.). Фасмер (1, 338) лічыць слова няясным. Бел. валдыр, магчыма, з’яўляецца русізмам (рэгіянальным запазычаннем). Не выключана бел. валдыр < вадыр ’пухір, гуз, нарыў’; параўн. рус. волдырь ’вадзяны пухір’. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 91; Шанскі, 1, В, 147.
Вале́ж 1 ’бура, якая ломіць дрэвы’ (Сцяшк. МГ). Да валіць. Параўн. балг. валеж ’снег, дождж (ападкі)’. Гл. таксама валішча, валежг.
Вале́ж 2 ’упаўшае струхлелае дрэва’ (КСТ). Да валіць. Параўн. рус. валежина ’ляжачы сухі лес’, валь, валяжник ’зваленыя ветрам дрэвы’, укр. валежник ’тс’ (Фасмер, 1, 269; Рудніцкі, 1, 300).
Вале́жнік ’ламачча ў лесе’ (Сцяшк. МГ, КТС). Да валеж 2.
Вале́й ’пажаданы’ (Яруш.); ’лепей’ (КЭС, Гарэц., Шн.). Узыходзіць да польск. woleć ’аддаваць перавагу, жадаць, хацець’, але семантычна з’яўляецца ўласнабеларускім утварэннем, на што ўказвае Брукнер (630), адзначаючы, што слова сустракаецца ў пісьменнікаў з Беларусі (Ходзька, Сыракомля). Параўн., аднак, рус. вале́й, воле́й ’лепей’. Укр. воліти, волити ’жадаць, хацець’, волісь, воліся ’лепей, пажаданей’. Магчыма, таксама, што валей непасрэдна ад воля, як рус. параўнальная ступень воре́й па якаснаму значэнню назоўніка вор. Словаўтваральная і семантычная паралель: рус. охотней (< *охотный) < хотеть.
Валейбалі́ст (БРС). З рус. волейболист.
Валейбо́л (БРС). Праз рус. волейбол (Крукоўскі, Уплыў, 80) з англ. volleyball (Шанскі, 1, В, 147; Рудніцкі, 1, 465).