Скі́дзель ‘той, хто скідае, напрыклад, гной з возу’ (Нік. Очерки). Да скідаць, кідаць (гл.).
Скі́дзень ‘пярэварацень’ (Нас., Байк. і Некр.). Польск. дыял. skidzień ‘ваўкалака’. Ад скіда́цца ‘прымаць іншы выгляд’, ‘ператварацца, пераварочвацца ў ведзьму’ (Нас., Байк. і Некр., ТС), да кідаць (гл.). Параўн. скі́нуцца (гл.).
Скі́дзіны ‘амецце’ (пін., Шатал.), скы́дыны толькі мн. л. ‘адходы пры прасяванні зерня, якія застаюцца зверху’ (драг., Выг.). Да скідваць з суф. ‑ін‑, параўн. скі́дываць ‘часаць лён’. Гл. кідаць.
Скік ‘скок’ (Ян., ПСл; смарг., Сл. ПЗБ), сюды ж скіка́ць ‘скакаць’ (Ян., ПСл, Сцяшк. Сл.; паст., шальч., швянч., Сл. ПЗБ), скі́кнуць ‘скокнуць’ (ПСл, Сцяшк.), скіга́ць ‘скакаць’ (Сцяшк. Сл.), ске́чыць ‘скочыць, скокнуць’ (Сцяшк.), скіку́н ‘конік (насякомае)’ (ПСл), параўн. укр. дыял. скік, скі́кну́ти ‘тс’, польск. дыял. skik, skikać, skiknąć. Арэальная інавацыя, суадносная з скок, скакаць (гл.). Аўтары Варш. сл. мяркуюць пра кантамінацыю з kicać ‘скакаць (пра зайца)’. Сюды ж, магчыма, польск. дыял. skikść! ‘скок’, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) адносіць да балтызмаў паводле спалучэння ‑kść < літ. ‑kšt і арэала распаўсюджання выклічніка. Няясна.
Скілу́ндзі ‘скручаны здор у форме рулета’ (ігн., Сл. ПЗБ). Параўноўваецца з літ. дыял. skelúndzis, літар. skilándis ‘страўнік, напханы мясам’ (там жа), запазычана ў старабеларускую мову з літоўскай (1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 119); меркаванні пра польскае пасрэдніцтва (Анікін, Опыт, 280) цяжка давесці. Гл. таксама шкілундзя.
Скі́мліць ‘скуголіць, ціха вішчаць’ (лаг., Гіл.), скі́млытэ ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць, ціха жаласна плакаць’. Гукапераймальнае, параўн. балг. скимтя́ ‘ціха вішчаць, плакаць, хліпаць’, якое выводзіцца з імітатара ским!, што перадае скуголенне, гл. БЕР, 6, 749. Гл. таксама скомліць.
*Скімяніцца, скі́мынытыся ‘скнарнічаць’ (кобр., ЖНС, Ск. нар. мовы). Няясна, магчыма, звязана з *скеміць ‘ціснуць’, гл. скем. Параўн. таксама скемены (гл.).
Скіндачка ‘старажытны дзявочы галаўны ўбор (у выглядзе ручніка)’ (Малч.). Укр. скиндя́чка, скиндя́к ‘стужка’, киндя́к (у Грынч. са знакам пытання) ‘стужка, матэрыя’, рус. пск., цвяр. киндю́к ‘чырвоная баваўняная тканіна’. Ст.-рус. кандакъ, киндякъ ‘тс’. Пэўнай этымалогіі няма, гл. Фасмер, 2, 234. Сам ён параўноўвае з уйг. köŋnäk ‘кашуля’, чагат. köŋläk ‘тс’, што няпэўна. На іншы шлях запазычання скіроўвае ст.-бел. уласнае імя Ярош Скиндеръ (1434), што выводзіцца ад скиндер ‘той, хто прадае ці робіць істужкі’ (гл. Усціновіч, Лінгв. дасл., 1968, 155).