Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скаралю́па, скаралю́піна ‘шалупайка’ (шчуч., беласт., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя скаралюшча і лупіць (гл.), параўн. укр. шкарлу́па ‘тс’.

Скаралю́шча ‘шкарлупіна яйка’ (Сцяшк.; маст., гродз., Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Скарбы), скаралю́шчына ‘тс’ (Сцяшк., Шатал.), ‘створка ракавіны малюска’ (ТС), скаралю́шчо ‘шкарлупіна яйка’ (Сцяшк., Сцяц.), скаралюшка, шкаралю́шка, мн. л. скаралю́шчэ ‘ракавіна малюска’ (ТС), скаралу́шча ‘ракавіна бяззубак і слімакоў’ (ашм., Стан.), скаралу́шчачка ‘ракавіна’, ‘хіцінавае покрыва жука’ (смарг., Сл. ПЗБ), скаляру́шчына ‘лушпіна ад яйка’ (Жд. 1), скаляру́шчыны ‘лупіны ад яек’ (стаўб., Сл. нар. фраз.). Параўн. укр. шкаралу́ща ‘шкарлупіна, скура, кара’, ст.-рус. скоролуща ‘лупіна, шалупайка’, рус.-ц.-слав. скралуща ‘тс’, славен. škraljušt ‘смятанка’, макед. дыял. skrálʼuš, скърлуши́на ‘луска ад рыбы’. Да прасл. *skor‑ (гл. скорка) і *lušča: луска, лушчыць (гл.); Праабражэнскі, 2, 308; Брандт, РФВ, 24, 175; Мацэнаўэр, LF, 20, 19 і наст.; Фасмер, 3, 652; Бязлай, 3, 247 (вынік кантамінацыі *skor‑upa, *skor‑pa і пад. з *luščiti); ЭССЯ, 11, 90 (рэканструюецца форма без рухомага s‑ прасл. *korlušča < *kora + *luščiti).

Скарамя́га, скарамя́ка ‘скаромнік, той, хто ў пост есць скаромнае’ (Нас., Шат.), skaramiáka ‘хто крадзе скаромнае’ (Варл.). Да ско́рам (гл.) з экспр. суф. ‑яг(а), ‑як(а), якія ўтвараюць назвы асоб агульнага роду, аб якіх гл. Сцяцко, Афікс. наз., 130, 132.

Скарані́ць ‘абняславіць’ (глыб., чэрв., карэліц., слонім., Сл. ПЗБ), скара́ніць ‘тс’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 131). Арашонкава і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. ker̃noti ‘сварыцца, лаяць’, што не зусім добра дапасуецца фанетычна. У якасці крыніцы магло б разглядацца яшчэ ўсх.-літ. kìrinti ‘дражніць, гаварыць з’едліва’, лат. karinât ‘дражніць, злаваць’, роднасныя карыць (гл.), гл. Фрэнкель, 644. Сюды ж і скарані́шчыць ‘тс’, ‘аблаяць, зняславіць’ (Сцяшк. Сл.), якое было скантамінавана са знішчыць.

Скара́ч ‘ручнік (з доўгімі махрамі)’ (ТСБМ; гродз., Шн. 1; Выг., Сл. Брэс.), ‘ручнік з апошняга куска палатна, якое выткана на канцах з “анучамі”’, г. зн. з ніткамі, якія недатканыя і звіваюцца ў шнуркі (гродз., Шн. 3; Сл. Брэс., Уладз.; астрав., смарг., воран., навагр., іўеў., лід., трак., шальч., Сл. ПЗБ), ‘кухонны ручнік, брудная ануча’ (трак., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк., Інстр. 1), ‘абрус’ (Жд. 1, Скарбы), ‘абрус, якім накрываюць хлебную дзяжу’ (Жд. 2), ‘тоўстае палатно’ (Кольб.), сюды ж перан. ‘брудны чалавек; хто выпэцканы’ (шчуч., трак., свісл., Сл. ПЗБ), скара́чка ‘кужэльны ручнік’ (Сцяшк. Сл.), скара́чык памянш. (ваўк., Сл. ПЗБ); слова вядома яшчэ ў пагранічных польскіх гаворках: skaracz ‘ручнік з кутасамі на канцах’, skarińis ‘такі ручнік, ануча, кухонны ручнік’. Хутчэй за ўсё, літуанізм. Урбуціс (Baltistica, VI (2), 152) узводзіць да літ. дыял. skarínis (skarinys) ‘ручнік’ з субстытуцыяй суф. ‑ínis (‑inys) слав. ‑ач або да skarõčius ‘ручнік, сурвэтка’. Аднак Лаўчутэ (Балтизмы, 38) дапускае магчымасць адваротнага запазычання skarõčius з беларускай у літоўскую і ў гэтым выпадку імавернай крыніцай запазычання лічыць літ. skarà ‘вялікая хустка’. Аналагічна Цыхун, Лекс. балтызмы, 53. Да лінгвагеаграфіі гл. яшчэ Непакупны (Связи, 195), які бачыць працяг слова ў палескай форме з метатэзай роска́ч ‘тс’ (хутчэй, да ра́сы ‘махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), гл. раса2). У сувязі з недастатковай аргументаванасцю балтыйскай этымалогіі цікавымі падаюцца спробы звязаць слова з серб.-харв. дыял. škora ‘вузел, пятля’, skȍrak ‘тс’, польск. дыял. skory ‘вузлікі на моцна скручаным шнурку’, што паводле асноўнай прыкметы ‘апошні кавалак палатна з заплеценымі ў вузлы канцамі асновы’ дазваляе рэканструяваць зыходнае *skora ‘вузялок, пятля’, што да і.-е. *sker‑ ‘круціць, скручваць’, якое можна разглядаць як раннюю праславянскую інавацыю, выцесненую амонімам *skora ‘кара, шалупайка, шкарлупа, скура’, гл. скорка (Борысь, Czak. stud., 83–85). У народнай мове захоўваецца сувязь з скара́ць ‘пакараць’, паколькі скарачом каралі малых дзяцей за непаслухмянасць (Цых.).

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Скарбары́ха ‘ажына шызая, Rubus caegius L.’ (Кіс.). Няясна. Параўн. яшчэ цербалін (гл.).

Скарбе́жыцца (скорбе́жыцца) ‘скруціцца ў скруткі’ (ТС). Да карбе́ж ‘рубец, засечка, зарубка, штрых’ (ТС); гл. карб.

Ска́рбец ‘скрынка для захавання грошай (асабліва царкоўных)’ (Нас.), скарбе́ц ‘тс’ (Байк. і Некр.), ‘капліца з магільнымі склепамі’ (Сцяшк.). З польск. skárbiec ‘памяшканне для захавання грошай, кладоўка’ (Кюнэ, Poln., 96). Ст.-бел. скарбець з ст.-польск. skarbiec; гл. Булыка, Запазыч., 299. Сюды ж, відаць, ска́рбец ‘жывёлагадоўчая ферма’ (Сл. рэг. лекс.) — з незразумелай матывацыяй (для “грамадскай” жывёлы?).

Ска́рбнік ‘захавальнік або распарадчык скарбу, казны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ‘прызначаная асоба для збору і захавання фінансавых сродкаў’ (Ласт.), ‘кладаўшчык’ (Барад.). З польск. skarbnik < skarb ‘скарб’; гл. Кюнэ, Poln., 96.