Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жамкі́ ’ціскі (пчалярскія)’ (вілейс., З нар. сл., 208). Рус. дан. жимки́ ’слясарныя ціскі’, урал. ’заціскачкі на канаце для замацавання ваганеткі’, арханг., каз., сіб. жо́мы ’ціскі’. Утворана як мн. л. ад аддзеяслоўнага назоўніка з суф. ‑ък‑ і асновай жем‑. Гл. жмаць, жаць2.

Жамяра́1 ’шалупінне’ (Касп.), ’жамерыны’ (полац., Нар. сл., 76, 198), ’адходы ад воску’ (ашмян., З нар. сл., 208), ажаме́ры ’жамерыны’ (полац., Нар. сл., 76, 195), жамяру́ха (ашмян.) жэмухі ’адходы ад воску’ (рагач., З нар. сл., 208). Рус. калін., пск. жемёра, жемера́, жимера́, ’жамерыны’, ’адходы ад воску’, ’гушча ад кофе, чаю, квасу’, кур. жемери́ха ’жамерыны.’ Суфікс ‑ер‑а, ‑ʼар‑а мае, відаць, як і ‑ар‑а (Сцяц., Бел. нар. сл., 202), зборнае значэнне. Корань жем‑, жьм‑ прадстаўлены ў жаць2 і шэрагу іншых слоў (гл. жмаць). Першаснае значэнне ’адходы пры выцісканні’, як жаме́рыны (гл.).

Жамяра́2 ’драбяза (пра дзяцей)’ (вілейс., Жыв. сл., 78, 94). Рус. уладз. жемера́, жимера́ ’непаседа’. У выніку пераасэнсавання жамяра́1 (гл.): ’дробныя рэчыўныя адходы’ > ’драбяза наогул’ > ’дробныя дзеці’.

Жамярва́ ’галота (пра дзяцей)’ (Сцяц.). Утворана ад асновы жамяра́2 (гл.) з суфіксам ‑в‑a, які мае зборнае значэнне. Параўн. Карскі 2-3, 24; Сцяц., Афікс. наз., 202: дзятва, пацанва.

Жана́цік ’жанаты чалавек; той, хто хоча жаніцца’ (Юрч., Жд. 3). Рус. разм. жена́тик ’тс’. Ад жанат‑ы з дапамогай суфікса ‑ік у выніку кандэнсацыі выразу тыпу жанаты мужчына, відаць, паралельна з рус.

Жанда́р. Рус. жандарм, укр. жандар, жандарм, польск. żandarm, дыял. żandar (ёсць у Карловіча), в.-луж. žandarm, чэш. žandarm, дыял. і кніжн. зняваж. žandar, славац. žandar, славен. žandar, žandȃrm, серб.-харв. жа̀нда̄р, жа̏ндар, жа̀ндарм, жа̏ндарм, балг. жанда́р, жанда́рин, жанда́рм, макед. жандар, џандар, жандарм ’тс’. У XIX ст. (Гіст. лекс., 245) з польск., дзе з франц. gendarme (з XV ст.) ’воін цяжкай кавалерыі’ < gens dʼarmes ’людзі са зброяй’. Блох-Вартбург (287), магчыма, праз ням. Gendarm, дзе з канца XVIII — пачатку XIX ст. (Пауль, 232). Рус. жандарм (з 1711 г. < франц.) ’конны воін’ > ’жандар’ магло зрабіць уплыў на бел. націск. Канчатковае м магло быць утрачана ў крыніцы запазычання ў слав. мовы, хутчэй у ням., бо з франц. менш было шырокіх непасрэдных кантактаў. З другога боку, магчыма ўтрата м у выніку аналогіі да слоў тыпу арандар, уладар, гаспадар, друкар (Вярхоў, Назоўнікі на ‑ар (‑яр) у беларускай мове, 1970, 27).

Жані́ба ’жаніцьба’ (Жд. 2). Суфікс ‑ьba выкарыстаны ў слав. утварэннях таго ж значэння адыменнага і аддзеяслоўнага характару: жані́цьба, рус. жени́тьба, славац. ženitba, серб.-харв. жѐнитба і да т. п., памор. žeńba, славац. ženba, славен. žę̂nba, серб.-харв. жѐмба і да т. п. Варыянт з ‑іба мае пашырэнне ў бел. мове, прычым гаворка ідзе не толькі аб лексічных балтызмах (Лаўчутэ, Baltistica, 1. priedas, 1972, 90–91; Мартынаў, Праславянская и балтославянская суффиксальная деривация имен, 1973, 17), але аб словаўтваральным уплыве балт. моў на слав., у першую чаргу бел. (параўн. сяліба, садзіба). Гл. Слаўскі, SP, 1, 62.

Жані́ло ’жаніх’ (зэльв., Нар. словатв., 16). Рус. прыбалт. женила, кастр., маск., калуж. жениха́ло, укр. жени́ло, чэш. ženil ’тс’. Улічваючы наяўнасць зах.-слав. паралелі, магчыма, прасл. аддзеяслоўны агентыўны назоўнік на ‑lo, ‑l (Слаўскі, Sł. prasłow., 103–104). Аднак не выключана і новае экспрэсіўнае ўтварэнне (Карскі 2-3, 25; Сузановіч, Имена существительные с суффиксом ‑л(о) и их производные в русском языке, канд. дыс., 1973, дадатак, 75).

Жані́х. Рус., укр. жених, польск. дыял. żenich, чэш. ženich, славац. ženích, славен. ženih, серб.-харв. жѐнӣх, же̏них, балг. женѝх. Ст.-слав. женихъ, ст.-рус. женихъ. Прасл. аддзеяслоўны назоўнік з суфіксам *‑x‑ъ і асновай *ženi‑ti (гл. жані́ць). Слаўскі, SP, 1, 73; Шанскі, 1, Ж, 285; Трубачоў, История терм., 95.

Жані́ць. Рус. жени́ть, укр. жени́ти, польск. żenić, чэш. ženiti, славац. ženiť, в.-луж. ženić, н.-луж. žéniś, славен. žéniti, серб.-харв. жѐнити, балг. жѐня, макед. жени. Ст.-слав. женити, ст.-рус. женити. Прасл. адыменны дзеяслоў з суфіксам *‑i‑ti ад асновы *ženь (Мейе, Общеслав., 192); параўн. н.-луж. žeń ’жаніцьба’. Магчыма і суаднясенне з *žena ’жанчына, жонка’ (Шанскі, 1, Ж, 284). Гл. жо́нка, жанчы́на.

Жано́чы. Укр. жіночий ’тс’. Зах.-рус. (ст.-бел. і ст.-укр.) утварэнне ад женъка ’жанчына’ (укр. жінка ’жанчына’). Утворана як прыналежны прыметнік (параўн. дзявочы). Пра зах.-рус. характар слова (а не запазычанне з укр.) сведчыць пашырэнне слова ў гаворках (Сцяшк. МГ). Гл. жо́нка.