Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Жадзён ’які церпіць нястачу ў самым неабходным’ (ТСБМ), жа́дны ’прагны, скупы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жа́дный, польск. уст. żądny ’прагны’, чэш. уст. žadný ’жадаючы’, в.-луж. žadny ’прагны; нячасты’, н.-луж. žadny, žedny ’пажадлівы, агідны; нячасты’, балг. жа̀ден, жѐден, макед. жеден, серб.-харв. же́дан, славен. žéjen ’прагны’. Як і жадаць (гл.), да прасл. *žęd‑; прыметнік утвораны з суфіксам *‑ьn‑ ад бессуфіксальнага імя *zędъ. Шанскі, 1, Ж, 273; Шанскі, ЭИРЯ, 3, 67; Пятлёва, Этимология, 1970, 213.

Жа́дзіна, жадзёба, жадню́га ’скнара’ (Сл. паўн.-зах.). З рознымі суфіксамі ад асновы жадзён (гл.).

Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).