Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жак ’рыбалоўная прылада’. Рус. дыял., укр. жак ’тс’. Ст.-бел. жак ’тс’ з 1599 г. (Булыка, Запазыч., 113) з польск. żak ’тс’ < ням. Sack ’мяшок, кішэнь’ (Брукнер, 661). Рус. праз бел., укр. з польск. Фасмер, 2, 33. Герм. з лац. saccus ’мяшок, фільтр’ (у рымскія часы) < грэч. σακκος ’грубая тканіна’ < семіцк. saq ’тканіна з валасоў, мяшок’ (Дудэн, 582; Вальдэ-Гофман, 2, 458–459). Такое ж канчатковае паходжанне мае сак ’рыбалоўная прылада; адзенне’ (гл.).

Жаке́й. З рус. жоке́й < франц. jockey, англ. jockey ’тс’. У рус. зафіксавана з першай палавіны XIX ст. (1845 г., у Грыбаедава ў форме жоке). На рус. (а не польск.) крыніцу ўказвае націск. Англ. jockey ад паўн.-англ. або шатландскага ўласнага імя Jock < Jack (Джэк) з памяншальным ‑y (Concise Oxford Dictionary₅, 654). Шанскі, 1, Ж, 295.

Жаке́т ’кароткае жаночае верхняе адзенне’, жаке́тка ’тс’, ’пінжак’ (ТСБМ). З рус. жаке́т ’тс’ (на што ўказвае націск). У рус. зафіксавана жаке́тка (1858 г.), жаке́т (1866 г.), у польск. żakiet, żakietka фіксуецца з 1872, 1882 гг. (Вечаркевіч, SW). Дыял. жа́кят ’тс’ (Сл. паўн.-зах.) з польск. У рус.польск.) з франц. jaquett (1375 г.) — памяншальнага ад jaque ’куртка’ (1364 г.), якую насілі сяляне, таму, магчыма, ад уласнага імя Jacque, частага сярод сялян, ужыванага як мянушка (Блох-Вартбург, 344), або араб. schakk ’куртка’ (Даза, 418). Фасмер, 2, 34; Шанскі, 1, Ж, 273.

Жакі́ ’дзеці, што хадзілі на каталіцкі вялікдзень з вітаннямі і рацэямі па хатах’ (валож., Жыв. сл., 41), ’валачобнікі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жак ’вучань, студэнт’, укр. жак ’шкаляр, бурсак’ (Грынч.). Ст.-бел. жакъ ’каталіцкі царкоўны служыцель, шкаляр’ (1423–1438 гг., Булыка, Запазыч., 112–113). З польск. żak ’вучань, царкоўны служыцель’ (з XV ст., Рэчак) < чэш. žak < раманск. (магчыма, паўн.-італ. zago), с.-лац. zaco < лац. diacus < грэч. διάκονος (> дыякон, дзяк, гл.). Брукнер, 661; Фасмер, 2, 34; Голуб-Копечны, 441; Махэк₂, 721; Скок, 3, 670; Безлай, 1, 101.

Жакт ’жыллёва-арэнднае кааператыўнае таварыства, якое існавала ў 20–30‑я гады’ (ТСБМ). Паралельная з рус. жакт або запазычаная з рус. абрэвіятура 20‑х гадоў. Шанскі, 1, Ж, 274. На магчымасць паралельнага ўтварэння ўказвае іншая структура адпаведнай абрэвіятуры на Украіне: житлокооп.