Жаке́т ’кароткае жаночае верхняе адзенне’, жаке́тка ’тс’, ’пінжак’ (ТСБМ). З рус. жаке́т ’тс’ (на што ўказвае націск). У рус. зафіксавана жаке́тка (1858 г.), жаке́т (1866 г.), у польск. żakiet, żakietka фіксуецца з 1872, 1882 гг. (Вечаркевіч, SW). Дыял. жа́кят ’тс’ (Сл. паўн.-зах.) з польск. У рус. (і польск.) з франц. jaquett (1375 г.) — памяншальнага ад jaque ’куртка’ (1364 г.), якую насілі сяляне, таму, магчыма, ад уласнага імя Jacque, частага сярод сялян, ужыванага як мянушка (Блох-Вартбург, 344), або араб. schakk ’куртка’ (Даза, 418). Фасмер, 2, 34; Шанскі, 1, Ж, 273.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)