Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жава́ка ’жвачка’ (глус., Янк. II). Гл. жва́ка.

Жава́ла ’першая пара сківіц у ракападобных, мнаганожак, насякомых’ (ТСБМ). Рус. жва́ло ’тс’, серб.-харв. жва̏ло ’сківіцы’, чэш. арг. žválo ’цыгарка’. Відаць, новая тэрміналагічная калька рус. тэрміна ў бел., хаця ўтварэнне тыпу *žьva(d)lo магло існаваць у прасл. са значэннем ’тое, чым жуюць, сківіца’, укр. жувальця ’тс’. Абмежаванасць значэння і пашырэння — у карысць новага бел. утварэння.

Жа́варанак1, жаўранак, жаўру́к (ТСБМ), жарва́нак (Мат. Гом.) ’птушка Alaudidae’. Рус. жа́воронок, дыял. жа́вронок, укр. жайворонок, дыял. джа́ворок, джа́воронок, палаб. zevornak; параўн. рус. дыял. зговоронок (Праабражэнскі, 1, 220), сковронок, щевронок, польск. skowronek, чэш. skřivan, skřivánek, дыял. skovránek, skovránok, (славац. skovran, skovránok, серб.-луж. škowronk, в.-луж. škowrončk, н.-луж. škobronk, славен. škrjánec, skrjánček, ц.-слав. сковраньць (Міклашыч, Lex. paleosl., 846) ’тс’; параўн. яшчэ рус. скворец, в.-луж. škorc, балг. скорец, балг. уст. сколовранец ’шпак’ (трэба ўлічваць, што рус. дыял. пск. жаворонок ’шпак’). Шанскі (1, Ж, 272) лічыць жаворонок утвораным з суфіксам ‑ък‑ ад уст. і фалькл. жаворонъ (Словарь, II, 180). Агульна прынята думка аб тым, што другая частка ўсх.-слав. слова суадносіцца з воран (гл.), прапануецца шэраг паясненняў першай часткі (Фасмер, 2, 32, 3, 644). Трэба, відаць, прыняць неабходнасць агульнага разгляду варыянтаў з пачатковымі жа‑ і ск(о)‑ у сувязі з іншымі падобнымі суадносінамі (гл. жабанець, жабрак). Формы тыпу жаўрук, н.-луж. škobronk, калі іх не разглядаць як пазнейшыя (усечаную або з падстаноўкай b замест w), пярэчаць уяўленню аб складаным характары слова. Паколькі назвы жаваранка і шпака, што належаць да вераб’іных, перакрыжоўваюцца, магчыма дапускаць агульнасць жавор‑, сковор‑ і сквор‑ у рус. скворец, а тады шукаць тлумачэнне кораня *sk(o)v(o)r‑. Цікавыя ў гэтых адносінах скверціся ’крычаць, верашчаць, плакаць з крыкам’, скверашчаць ’тс’ (Нас.), а магчыма, і чэш. рэдк. škovrati ’вытвараць трэлі (пра птушак)’, скавытаць, укр. скав(у)чати ’скавытаць’. Адсутнасць (ці невыяўленасць) надзейных неславянскіх паралелей ускладняе, аднак, тлумачэнне ўказанага гіпатэтычнага кораня і хутчэй сведчыць у карысць кампазітнага характару слова, але ні супастаўленні са ст.-слав. гавранъ ’воран’ і яго адпаведнікамі, якія даюцца ў пацвярджэнне гукапераймальнага характару жа‑, га‑, ско‑, ні супастаўленне з сквар‑, жар‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 288–285), ні паясненні праз экспрэсіўны характар першай часткі (Брукнер, 496; Махэк₂, 550) не могуць лічыцца пэўнымі.

Жа́варанак2, жа́ўранак, жаўру́к ’булачка, што выпякаецца 9 (22) сакавіка’ (Нас.). Рус. жа́воронок, укр. жа́воронок ’тс’. Ад жа́варанак1 у сувязі з веснавым прылётам птушак (у сакавіку), магчыма, дахрысціянскага характару. На гэта ўказвае абрад клікання вясны, запісаны Г. Цітовічам (Ант., 34, 564): у час выканання песні «Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце» дзяўчаты і маладзіцы падкідвалі ўгору выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны «акампаніравалі» на берасцяных пастухоўскіх трубах. Жаваранкі і ў іншых песнях (параўн. БНТ, Весн. песні, № 158–160). Гл. Іванаў, Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 129. Параўнанне 40 жаваранкаў з душамі 40 мучанікаў (9 сакавіка — дзень 40 мучанікаў), на якое ўказвае Насовіч, позняе (параўн. саракі). 9 (22) сакавіка — дзень пачатку вясны. Пра ўсх.-слав. абрад гл. В. К. Соколова, Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов. М., 1979, с, 67–93.

Жава́ць, жваць, жую. Рус. жева́ть, укр. жува́ти, польск. żuć, żwać, в.-луж. žuć, н.-луж. žuś, палаб. zavǎt, чэш. žvykati, уст. žváti, славац. žuť, žuvať, славен. žvekáti, žvečiti, серб.-харв. жва́кати, жва́тати, балг. жва̀кам, макед. џвака, жвака ’тс’. Ст.-сл. жьвати, жоуѭ. Прасл. *žьvati, *žujǫ (*zjьv‑) з і.-е. *g(i̯)eu‑, gʼ(i̯)eu‑ ’жаваць’ (Покарны, 400): літ. žiáunos, лат. żaũnas ’сківіца, жабры’, ням. kauen, англ. chew, новаіранск. ǰāvidan ’жаваць’. Фасмер, 2, 39–40; Шанскі, 1, Ж, 280; Траўтман, 372.

Жаве́ль (ТСБМ). З рус. жаве́ль, дзе зафіксавана з 1863 г., франц. javel, javelle з 1824 г. < eau de Javelle ’вада Жавеля’ паводле назвы мясціны пад Парыжам (зараз частка Парыжа), дзе фабрыкуецца з канца XVIII ст. гэта вада. Укр. жаве́ль, як і бел., Шанскі, 1, Ж, 272; Блох-Вартбург, 345.

Жаві́на, жаві́ны, жаві́кі ’ажына’ (Кіс., Касп., Бяльк., Юрч.; лельч., Жыв. сл., 210), жаві́ніна ’ягада ажыны’, жаві́ннік ’ажыннік’ (Юрч., Яўс.). Усечаная без пачатковага галоснага слав. назва ажыны *ož‑ev‑ina > бел. ажавіна, ажэвіны (Шат., Кіс.) і *ož‑ev‑ika > рус. ежевика ад *ožь ’вожык’. Суф. *‑in‑ часта выкарыстоўваецца ў назвах ягад: журав‑ін‑ы, аж‑ын‑а, кал‑ін‑а, першасна, магчыма, у сінгулятыўным значэнні (гл. ажы́на). У рус. дыялектах сустракаецца форма са стратай пачатковай галоснай: жевика, жевига, жеваника, жевинина (СРНГ). Параўн. Шанскі, 1, Е, 253 (дзе памылковае сцвярджэнне пра толькі ўсх.-слав. характар слова: Махэк (Jména rostl., 101) прыводзіць чэш. ježina, польск. jeżyna).