Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Варся́нка ’расліна варсянка, Dipsacus’ (БРС). Рус. ворся́нка, укр. ворся́нка. Ад ворс (гл.). Адносна матывацыі гл. Нейштадт, Определитель, 524. Да семантыкі параўн. іншыя назвы гэтай расліны ва ўкр. мове: черсак, чесак, дряпач, щітка, шершак (Макавецкі, Sł. botan., 132).

Варт, варта ’адпаведны, каштоўны, належны і да т. п.’ (Сцяшк. МГ); ’каштуе, заслугоўвае’ (Шат., Гарэц.); ’годны’ (Яруш., Булг.). У тым самым сэнсе ўжываецца і ва́рта ’належыць; трэба’ (КЭС, лаг.; БРС, Гарэц., Шпіл., Мядзв., Касп., Шат., Нас., Бяльк.). Укр. варт, ва́рто. З польск. warto, wart (nie wart). Параўн. ва́рты (Кюнэ, Poln., 113).

Ва́рта ’варта, ахова’ (КЭС, лаг.; БРС, Яруш., Гарэц., Бесар., Сцяшк., Мядзв., Шпіл., Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Ст.-бел. варта ’варта, каравул’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. дыял. (смал.) ва́рта, укр. ва́рта. Запазычанне з польск. warta (Булыка, Запазыч., 57), а гэта з ням. Warte ’тс’. Параўн. і чэш. varta ’тс’ (< ням.) (Махэк₂, 678; Кюнэ, Poln., 113).

Вартава́ць ’вартаваць, ахоўваць, пільнаваць’ (БРС, Гарэц., Інстр. III, Шпіл., Шат., Касп., Нас., Бяльк.). Ст.-бел. вартовати (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. вартува́ти, рус. дыял. (смал.) вартова́ть. Запазычанне з польск. wartować ’тс’ (да warta ’варта, ахова’ ці непасрэдна да ням. warten). Параўн. і чэш. vartovati (Кюнэ, Poln., 113).

Вартавы́ (КЭС, лаг.) ’вартаўнік’. Параўн. укр. вартови́й ’тс’. Можна думаць, што гэта слова ўзнікла на базе словаспалучэння (параўн. укр. вартова́ сторо́жа ’каравульная варта’).

Ва́ртасць (Шат., Нас., Шпіл., Гарэц.; КЭС, лаг.; Інстр. III, БРС). Укр. ва́ртісць. Запазычанне з польск. wartość ’тс’ (ад warty; гл. ва́рты). Гл. Кюнэ, Poln., 113. Гэта версія нам здаецца больш верагоднай (зыходзячы з агульнай сітуацыі), чым тая, якую прапануе Рудніцкі (319) (вытворнае ад ва́рты на ўсх.-слав. глебе).

Вартаўні́к ’каравульны’ (БРС, Шат., Гарэц., Шпіл., Касп.), вартувни́к (Бесар.). Вытворнае да вартава́ць. Параўн. і ўкр. вартівни́к. Але можна ставіць пытанне і пра непасрэднае запазычанне з польск. wartownik.

Вартаўні́чы ’вартаўнік’ (БРС). Укр. (зах.) вартовни́чий. Запазычанне з польск. wartowniczy ’тс’ (да warta, wartować).

Ва́ртны ’паважаны’ (Жд.). Укр. ва́ртний ’каштоўны, паважаны’. Хутчэй запазычанне з польск. дыял. wartny ’варты’, а не ўсх.-слав. утварэнне ад ва́рты (як думае Рудніцкі, 319).

Варто́ўня (БРС). Цяжка сказаць, ці гэта ўтварэнне ад ва́рта, вартава́ць, ці прамое запазычанне з польск. wartownia ’вартоўня’.