Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Партнёр ’удзельнік якой-небудзь гульні, размовы і пад.’ (ТСБМ). З рус. партнёр ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78) < франц. partenaire, англ. partner (Гараеў, 449; Фасмер, 3, 210).

Партны́1 ’ільняны’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), портны ’тс’ (ТС). Да портг (гл.).

Партны́2 ’кравец’ (Касп., Сл. ПЗБ). Рус. портной ’тс’. Магчыма, з рус., дзе скарачэнне са ст. портной швец, ст.-рус. пъртныи шьвьць. Да портг (гл. Фасмер, 3, 335).

Парток, пурток ’абрус’ (ДАБМ, 929), партавіка ’тс’ (КЭС, пінск.). Да портг (гл.).

Парто́ліць ’перамешваць, перакладаць’ (Сцяшк. МГ), ’псаваць’ (Нар. сл.). З польск. partólić ’псаваць’.

Партрэ́т ’малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей; апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы’ (ТСБМ). З рус. портре́т ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79); у рус. у пачатку XVIII ст. праз нов.-в.-ням. Portrait з франц. portrait (Праабражэнскі, 2, 110; Фасмер, 3, 335).

Партсіга́р ’невялікая плоская каробачка, у якой носяць папяросы’ (ТСБМ). З рус. портсига́р ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79) < франц. porte‑cigare ’тс’ ад porter ’насіць’ і cigare ’сігара’ (ССРЛЯ, 10, 129).

Партупе́я ’плечавы паясны рэмень, да якога прышпільваецца халодная зброя, палявая сумка і пад.’ (ТСБМ). З рус. портупе́я ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79), дзе з франц. porte‑épée (Праабражэнскі, 2, 110; Фасмер, 3, 336). З рус. таксама партупе́й‑прапаршчык, партупе́й‑юнкер.

Партфе́ль ’чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад.; пасада міністра’ (ТСБМ). З рус. портфе́ль ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79) < франц. portefeuille (Фасмер, 3, 336).

Партыза́н ’удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі’ (ТСБМ). З рус. партиза́н ’тс’, якое праз ням. Partisan або франц. partisan ад італ. partigiano ’прыхільнік’ (гл. Фасмер, 3, 209).

Партыкуля́рны ’прыватны, неафіцыйны; цывільны, не форменны (пра вопратку, адзенне)’ (ТСБМ). Ст.-бел. партикулярный, партыкулярный < польск. partykularny < лац. particulāris (Булыка, Даўн. запазыч., 238). Суч. бел. з польск. partykularny або з рус. партикуля́рный, якое праз польск. або ням. partikular ’тс’ з лац. particulāris (гл. Фасмер, 3, 209).