Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Маткі́, ма́ткі, моткі́ ’жаночыя каноплі, у якіх ёсць насенне’ (Янк. 1, Уладз., ТС, Ян.; лід., Сцяшк. Сл.). Рус. кур. матка ’жаночыя каноплі’. Да ма́тка1. Гл. таксама мацяркі́ ’тс’.

Матлахо́н ’нясталы, непаседлівы чалавек’ (маладз., Янк. Мат.). Да матла́ць, матлаха́ць. Утворана пры дапамозе рэдкага экспрэсіўнага суфікса ‑он, параўн. лапацо̂н (гл.).

Матла́ць ’размахваць’ (ТС), матла́цца ’развявацца’ (Нікан.), матлуха́цца ’матляцца’ (ТС), матляха́ць (груб.) ’махаць’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), матляха́тыса ’развявацца, хістацца’ (пін., Нар. лекс.). Да мата́ць (гл.), да асновы якога дадаюцца суфіксы ‑л‑ (‑лʼ‑) і ‑х‑а. Такі ж суфікс ‑л‑ (‑ль‑) назіраецца ў серб.-харв. космецк. умотла̏т, замотла̏т пры літаратурным умо̀тати, замо̀тати ’замотваць’, серб.-харв. мо̀тљати се ’матацца, намотвацца’, ’умешвацца’.

Матлашы́ць, мотлошы́ты ’рваць на шматкі, прыводзіць у бязладны стан’, ’біць, дубасіць, нішчыць’ (ТСБМ, Клім.), ’махаць рукамі’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. мотлоши́ти ’тс’, рус., кур. мо́тлах ’анучы, акраўкі, дробныя кавалкі чаго-небудзь’, польск. motłoszyć ’трэсці, тармасіць, драць, рваць, ціснуць’, чэш. matlati ’мяшаць’, ’ціснуць, блытаць, збіваць з толку’, matlanina, matloch ’сумесь’, ’нясмачная каша’, мар. matlocha ’мямля’, motrchati ’збіваць з толку, прыводзіць у бязлад’. Да прасл. matati ’хлусіць’, якое з’яўляецца інтэнсівам на ‑t‑ ад асновы *mā‑ (параўн. мані́ць, ма́ра), роднасным да якога будзе лат. ap‑māt ’махаць’ (Махэк₂, 354). Да мата́ць (гл.).

Матлёт ’назва танца’ (светлаг., Мат. Гом.). З польск. matelot (жвавы матроскі танец, які нагадвае працу матросаў на караблі’ < франц. matelote ’тс’ < с.-гал. mattenoot ’прыяцель, сябар’ (SWO, 459).

Матлу́ззе ’мэтлахі, карэнне’ (Ян.). У выніку кантамінацыі мэтлах і мату́ззе (< мотуз).

Матля́х ’асінае вісячае гняздо’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Да матла́ць (гл.).

Матля́цца, матля́тыса ’хістацца, знаходзячыся ў вісячым становішчы, вісючы, хістацца туды-сюды, з боку ў бок’ (ТСБМ, ТС; пін., Нар. лекс.), ’боўтацца’ (Ян.), ’ухіляцца ад працы, хадзіць без справы’ (шкл., Мат. Маг.), матля́ць ’матаць, размахваць, хістаць чым-небудзь’ (ТСБМ, ТС), матляну́цца ’матнуцца, памкнуцца, паспяшацца куды-небудзь’ (Нар. Гом.). Укр. мотля́тися, мо́тлятися. Да матла́ць < мата́ць (гл.).

Матня́1, мотня ’сярэдняя частка невада, куль’ (Маш., Тарн.; хойн., Мат. Гом.; нараўл. З нар. сл.), ма́тня ’тс’ (Федар. 6), матня́ ’задняя частка рыбалоўнай снасці ў выглядзе доўгага мяшка’ (лід., Сл. ПЗБ), ’карма ў невадзе’ (ТС), (перан.) ’пастка’ (КТС, Дунін–Марцінкевіч). Укр. матня́ ’сярэдняя паглыбленая частка невада’, рус. пск. мотня́ ’частка рыбалоўнай снасці’. Паводле Фасмера (2, 582), да мата́цца. Магчыма, аднак, дапусціць у якасці крыніцы лексему матка1, як месца, адкуль што-небудзь выходзіць. Параўн. рус. с.-урал. ма́точка ’цэнтральная частка невада’, арханг., пск., цвяр., смал., урал. ма́тка ’матня невада’. Гл. таксама матня́4.

Матня́2 ’стрыжнёвы корань пня’ (жлоб., Мат. Гом.). Да ма́тка2. Суфікс ‑ня мог узнікнуць у выніку кантамінацыі лексем матка пня.

Матня́3, пін. матні̂э́ ’куль саломы для страхі’ (Працы 1), бяроз. ма́тня (Нар. сл.). Да ма́та (гл.).

Матня́4, мотня́ ’крэсла, устаўка ў штанах’ (добр., Мат. Гом.; Нар. Гом., ТС). Укр. матня́, рус. мотня́. Да мата́ць, мата́цца. Параўн., аднак, матня1.

Маток, мото́к, мотак, му̑о́ток ’пэўная колькасць нітак, дроту, лыка і інш., роўна зматаная або навітая на матавіла’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Бес., Мат. Гом., Маш., Яруш., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл.), ’пасма нітак на клубку’, ’нізка рыбы, грыбоў, цыбулі, тытуню; пляцёнка’ (Сл. ПЗБ). Укр. мо́ток, міток, рус. пск., смал. мото́к ’катушка нітак’, горк. ’верацяно з наматанымі ніткамі’, пск., смал. ’нізка грыбоў, яблыкаў і інш.’, польск. motek, чэш. smotek, славац. zmotok. Паўн.-слав. motъkъ, якія з motati. Да мата́ць (гл.).

Маток2 ’каноплі (семяннікі)’ (Мат. Гом.). Да маткі́ (гл.).