Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Расто́пша, росто́пша ’дуброўка серабрыстая, Potentilla argentea L.’ (лельч., Нар. лекс.), параўн. укр. ростопша́ ’растаропша, Silybum marianum L.’. Няясна; магчыма, звязана з папярэднім словам з-за разложыстасці расліны.

Расто́ржка ’несабранасць’: расторжка мыслей; ’разрыў дамовы’: расторжка вѣнца (Нас.), што сведчыць пра непасрэдную сувязь з то́ргаць (гл.). Параўн. таксама ро́стыржка ’тс’, што выводзіцца з тарга́цца ’тузацца’ (Ласт.), гл. торгацца. Параўн. растаргнуцца (гл.).

Расто́ркаць ’распіхаць, разварушыць, абудзіць, растармасіць’ (Нас., ТСБМ), ’раздаць пакрыху’ (Жд. 3). Да то́ркаць (гл.).

Расто́рыч ’інструмент накшталт цыркуля, якім вырэзваюцца дны (у бандарстве)’ (Серб.). Да зато́рыч ’тс’ (гл., значэнне пададзена недакладна, пра што сведчыць суфікс nomina instrumenti ‑ыч) у выніку дыферэнцыяцыі прыставак раз‑/рас‑ і за‑, параўн. запрагаць і распрагаць.

Расто́ў ’востраў сярод балота, на якім расце высокі лес’ (віц., Яшк.). Слова няяснага паходжання запісана Раманавым у Веліжскім павеце, параўн. рус. дыял. ростово́й ’жывы, на корані (пра лес)’. Да расці́ (?), гл.

Растрава́цца ’расставацца’, растра́цца ’развітацца’ (Ян.). Гл. расстрэцца.

Растраві́ць ’моцна раздражніць, развярэдзіць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), растраўля́цца ’расстройвацца, быць у тузе’ (Ян.), сюды ж растра́ўка (растра́вка) ’развярэджанне’, растра́ўца (растра́вца) ’хто расстройвае, разладжвае’ (Нас.), да апошняга параўн. ст.-бел. ростравца ’растратчык’ (Ст.-бел. лексікон). Да травіць (гл.).

Растра́га ’перашкода’ (лях., Сл. ПЗБ). Ад страгнуць (гл.).

Растрапэ́йла ’неахайная жанчына’, (Сл. рэг. лекс.), рострэ́па ’неахайная і бесклапотная жанчына’ (ТС), растрэ́паніца ’неахайніца’ (Сцяшк. Сл.). Ад растрапа́ць ’разарваць, раскудлаціць’ (гл. трапаць) з экспрэсіўнай фанетыкай і суфіксацыяй. Сюды ж растро́па ’расцяпа’ (ганц., Сл. Брэс.).

Растро́п ’чартапалох, Carduus L.’ (Нас., Гарэц.), ’дурнап’ян, Datura L.’ (Гарэц., Касп.), параўн. укр. ростро́пша ’мардоўнік, Echinops sphaerocephalus L.’. Магчыма, да трапаць ’біць’ (гл.), паколькі расліна выкарыстоўваецца для магічных дзеянняў (гл. Мяркулава, Очерки, 96).