Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Са́дніць ’шчымець, даваць пякучы боль (у выніку ранення, раздражнення скуры, апёку і пад.)’ (ТСБМ), садні́ць ’тс’ (Бяльк.), садне́ць ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. садни́ть ’тс’. Дзеяслоў утвораны ад прасл. *sadъno ’пляма, нацертае месца’, якое ад садзіць; гл. Шанскі, ЭИРЯ, 1, 72. Калі ўлічыць лінгвагеаграфію і тое, што садно́ (гл.) не мае гэтага значэння, то можна меркаваць, што дзеяслоў са́дніць — гэта пранікненне з рускай тэрыторыі.

Садно́1 ’задняя частка штаноў’ (Сакал., Нар. лекс.). Да садзіць (гл.) з суф. ‑но. Мяркуючы па суфіксацыі, архаічнае ўтварэнне; адносна суфіксацыі гл. SP, 1, 115. Параўн. прасл. *sadъno ’рана; пацёртасць ад сядла’, гл. папярэдняе слова.

Садно́2 ’дрэва, на якім стаіць вулей’ (Яшк.), ’месца на дрэве для вулля’ (ТС), ’верх страхі, пакрыты кастрыцай’ (Сцяшк. Сл.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе.

Садо́к ’штучны вадаём для развядзення рыбы’, ’памяшканне для трымання, гадоўлі і адкорму жывёлы’, ’пастка на звяроў і птушак’ (ТСБМ), ’садок для рыб’ (Сл. ПЗБ, З нар. сл.). Дэрыват ад садзіць з суф. ‑ок.

Садо́м ’бязладдзе, сумятня, гоман, крык’ (ТСБМ), садома ’тс’ (Ант.). Рус. содо́м, укр. содо́ма ’тс’. З грэч. Σόδομα και Γόμορρα — назвы старажытных гарадоў, якія былі знішчаны за грахі і распусту. Гл. Праабражэнскі, 2, 349; Фасмер, 3, 706.

Садру́жнасць ’узаемная дружба, сяброўскае яднанне, саюз’, ’аб’яднанне на аснове агульных інтарэсаў, поглядаў’ (ТСБМ). Калька з рус. содру́жество ’тс’.

Са́духі ’пахаванне’, ’раптоўная смерць’ (Нас.), ’канец, смерць’ (Гарэц., Др.-Падб.), саду́хі ’тс’ (Байк. і Некр.), укр. со́духі ’тс’. Ад першых двух слоў пахавальнага песнапення: «Со духи праведными скончавшуся…» (Нас., 572) або ц.-слав. съ доухы правьдникъ, параўн. Цвяткоў, Запіскі, 2, 51.

Садэ́нне ’нутро (сын бацьку ўсё садэньне пірывярнуў сваім былаўством)’ (Бяльк.). Ізаляванае слова. Цвёрдасць ‑д‑ указвае на запазычанне, хутчэй за ўсё з польскай мовы, але ў польскай эквівалента няма. Відаць, рэгіянальнае ўтварэнне ад кораня ден‑, які ў ст.-польск. denna, denna niemoc ’артрыт, хвароба суставаў’ і, далей, у чэш. dna ’падагра’, ст.-рус. дна ’тс’, балг. дыял. дънек ’кішкі’, дъняк ’сляпая кішка’, якія ўзыходзяць да прасл. *dъno ’дно’, якое ўжывалася таксама ў значэнні ’ніжняя частка цела’, параўн. польск. дыял. dno ’матка’, укр., дна ’тс’; па хворай частцы цела была названая і хвароба. Параўн. Зубаты, Studie I, 922; Фасмер, 1, 517; Слаўскі, 1, 149; Махэк₂, 121; БЕР, 1, 457. Такім чынам, беларускае слова можна рэканструяваць як са‑денн‑je з суф. зборнасці ‑ьje, прыстаўка са‑ тыповая для магілёўскіх і гомельскіх гаворак.

Сае́та ’тонкае высокагатунковае сукно’ (ТСБМ, Нас.), сае́т ’англійскае сукно’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’кафтан; сарафан, спадніца’ (Гарэц., Нар. лекс. Гом.), ’тонкае бліскучае сукно’ (ТС). Запазычанне з польск. saja ’гатунак сукна’, sajeta ’тонкая дарагая тканіна, тонкае сукно’ (Кюнэ, Poln., 95). Апошняе з італ. saja, saietta ’гатунак сукна’ < лац. sagum ’ваенная адзежа’ (Брукнер, 479). Параўн. саян, гл.

Саж ’сажалка’ (Нас.), ’невялікі хлеў’ (Мат. Гом.), ’маленькі хлявок для парасят, які выгароджваецца ў хляве’ (Ян.), ’садок для рыб’ (ТС), ’азярцо паблізу прытока ракі, якое служыць садком для рыбы перад замаразкамі зімой’, ’скрынка для трымання ў рацэ жывой рыбы’ (Яшк.). Укр. саж ’хлеў, дзе зачыняюць жывёліну для адкормлівання’, ’плецены кош для захоўвання злоўленай рыбы’, рус. кур. саж ’хлеў або перагародка для свіней’, польск. sadz ’скрынка з адтулінамі для захоўвання ў вадзе злоўленай рыбы’. Паўн.-прасл. *sadjь < *saditi ’садзіць’, г. зн. ’тое, у што садзяць’.

Са́жа ’прадукт няпоўнага згарання паліва, які чорным налётам асядае ў комінах, дымаходах і пад.’, ’хвароба хлебных злакаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), са́джа ’тс’ (Касп., Сл. ПЗБ), ’спарыння, чорнае зерне ў пшаніцы, просе’ (Шатал., Выг.). Рус., укр. са́жа, ст.-слав. сажда, польск. sadza, каш. saʒ, в.-луж. sazy мн. л., н.-луж. дыял. saze мн. л., чэш. sáze, славац. sadza, славен. sája, балг. са́жда, са́жди мн. ’сажа’, макед. са́жда. Прасл. *sadja, дэрыват з суф. ‑ja ад *sěsti, *sędǫ ’сесці’ (SP, 1, 82), г. зн. ’тое, што насела, асадак’. Роднасныя літ. súodžiai ’сажа, копаць’, англ.-сакс., ст.-ісл. sót, англ. soot, ірл. suide (*sōdi̯ā). Гл. Траўтман, 273; Зубаты, BB 18, 257, Фасмер, 3, 544; Борысь, 537; Махэк₂, 738; Шустар-Шэўц, 2, 1270–1271; Сной₁, 551.