Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Партамане́т, партмане́т ’невялікі кашалёк для грошай’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., Бяльк.), партма́н, партма́нка ’тс’ (Сцяшк.). Відаць, праз польск. portmoneta ’тс’ з франц. portemonnaie. Параўн. яшчэ рус. народнае партмане́т. Канцавое т Фасмер (3, 335) тлумачыць уплывам слова моне́та.

Парта́чыць ’рабіць што-небудзь дрэнна, недакладна, без ведання справы’ (ТСБМ, Мат. Гом., Мядзв.), парта́ч ’чалавек, які нядбайна або няўмела выконвае сваю справу’ (ТСБМ, Др.-Падб., Мядзв.), порта́ч ’партач; бядняк, галадранец’ (ТС). Запазычанне з польск. (як аб гэтым сведчыць наяўнасць ‑ар‑) partaczyć, partacz ’тс’ (Кюнэ, Poln., 86), якое да pъrtiti (рус. портить) (Брукнер, 397).

Партве́йн ’гатунак моцнага вінаграднага віна’ (ТСБМ). З рус. портве́йн ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80), дзе праз ням. Portwein з англ. portwine ’віно з Порту’ (Клюге-Гётце, 453; Фасмер, 3, 335).

Партнёр ’удзельнік якой-небудзь гульні, размовы і пад.’ (ТСБМ). З рус. партнёр ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78) < франц. partenaire, англ. partner (Гараеў, 449; Фасмер, 3, 210).

Партны́1 ’ільняны’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), портны ’тс’ (ТС). Да портг (гл.).

Партны́2 ’кравец’ (Касп., Сл. ПЗБ). Рус. портной ’тс’. Магчыма, з рус., дзе скарачэнне са ст. портной швец, ст.-рус. пъртныи шьвьць. Да портг (гл. Фасмер, 3, 335).

Парток, пурток ’абрус’ (ДАБМ, 929), партавіка ’тс’ (КЭС, пінск.). Да портг (гл.).

Парто́ліць ’перамешваць, перакладаць’ (Сцяшк. МГ), ’псаваць’ (Нар. сл.). З польск. partólić ’псаваць’.

Партрэ́т ’малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей; апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы’ (ТСБМ). З рус. портре́т ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79); у рус. у пачатку XVIII ст. праз нов.-в.-ням. Portrait з франц. portrait (Праабражэнскі, 2, 110; Фасмер, 3, 335).

Партсіга́р ’невялікая плоская каробачка, у якой носяць папяросы’ (ТСБМ). З рус. портсига́р ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79) < франц. porte‑cigare ’тс’ ад porter ’насіць’ і cigare ’сігара’ (ССРЛЯ, 10, 129).

Партупе́я ’плечавы паясны рэмень, да якога прышпільваецца халодная зброя, палявая сумка і пад.’ (ТСБМ). З рус. портупе́я ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79), дзе з франц. porte‑épée (Праабражэнскі, 2, 110; Фасмер, 3, 336). З рус. таксама партупе́й‑прапаршчык, партупе́й‑юнкер.