Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ксімум ’найбольшая велічыня, колькасць чаго-небудзь’, ’самае большае’, ’максімальны’ (ТСБМ) — еўрапейскае інтэрнацыянальнае слова, якое ўзыходзіць да лац. maximum ’найбольшае’ < mag(i)s‑im‑, звязана з грэч. μέγας ’вялікі’, ст.-інд. mahánt, авест. mazant‑ ’вялікі, магутны’.

Макулату́ра ’невыразна надрукаваныя, запэцканыя лісты’, ’непрыгодная папера, кнігі, прызначаныя для перапрацоўкі’, ’бяздарныя літаратурныя творы’ (ТСБМ). Запазычана праз польск. ці рус. мову з ням. Makulatur ’запэцканая папера, адыходы’ < лац. macula ’пляма’ праз с.-лац. macularium ’чарнавік’ (Лёхін, 419; Голуб-Ліер, 299).

Макулёндачка ’шэрая чырванагрудая птушачка’ (докш., Янк. Мат.). Няясна.

Маку́лінка ’макавінка’, ’крупінка, дробязь, драбніца’ (ТС, Нар. Гом.). Да мак (гл.). Адыменнае ўтварэнне з памяншальным суф. ‑ул‑ін‑к‑а, які з ‑ulʼа (Слаўскі, SP, 1, 110). Пар. таксама магу́лінка.

Маку́ра (экспр.) ’вялы, нехлямяжны чалавек’ (Нас., 288) Няясна. Відаць, роднаснае да ўкр. маг̌ро́ ’вол з адным ядром’.

Маку́х ’макуха’ (Бес.; Сл. Брэс.) пад уплывам польск. мовы мае м. р. (польск. makuch ’тс’). Тое ж укр. гуц. макух.

Маку́ха1 ’рэшткі семя (ільнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею’ (ТСБМ, Інстр. I, III, Гарэц., Мат.; гродз., Мат. АС; усх.-гом., КЭС, Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ). Укр. маку́ха, польск. makuch, makuchy, рус. маку́ха ’макуха макавага, гарчычнага, канаплянага і інш. насення’. Паводле формы магло б быць нават прасл. утварэннем ад мак і суф. ‑уха (< ‑uxa), які, аднак, надаваў экспрэсіўнае адценне. Калі ўлічыць польск. kuch, kuchy olejne, якія з ням. Kuchen (Брукнер, 279), а гэта даволі старажытнае слова, роднаснае з англ. cake, швед. kaka ’пячэнне, торт’, ст.-в.-ням. kuocho, тады можна гаварыць аб славянскім запазычанні з ням. Mohnkuchen, параўн. таксама швейц. Mägikuchen ’макавая макуха’ (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 2, 562).

Маку́ха2, маку́шка ’вяршыня, верхавіна дрэва, гары’, ’верхняя частка галавы, макаўка’, ’галоўка маку’, ’бязрогая карова’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ; дзв., Нар. сл.), маку́шка ’вяршыня’, моку́шка ’ніжняя частка цыбулі’ (ельск., Мат. Гом.), ’кончык пальца на руцэ’ (расон., Шатал.), маку́шка ’верхавіна дрэва’ (ТСБМ, ТС). Рус. маку́шка, маку́ха ’тс’, укр. маківка ’галоўка маку’. Усх.-слав. утварэнне ад мак (гл.) з суфіксам ‑uxa, якое мела пеяратыўнае значэнне. Першапачаткова макуха абазначала ’галоўка маку’ (параўн. рус. алтайск. маку́шка ’тс’, валаг. ма́кушка ’мак’. Бел. макуша магло ўтварыцца самастойна (а не як кантамінацыя макуха і макушка) і, магчыма, вельмі даўно (адыменныя ўтварэнні гл. Слаўскі, SP, 1, 75).

Ма́кша ’п’яніца’ (Сцяшк.). Балтызм. Параўн. літ. màktas, maũkas ’глыток’, maũkti ’піць’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 84; Лаўчутэ, Балтызмы, 120).

Ма́кшта ’мачта’ (Нас., Яруш.), макштовы лес ’мачтавы лес’ (Нас.). Ст.-бел. маштъ (XVII ст.) ’мачта’ запазычана са ст.-польск. maszt(а) ’тс’ (Булыка, Запазыч., 199), якое з ням. Mast ’тс’, ’слуп’ < лац. mālus ’мачтавае дрэва’ (Брукнер, 324; Васэрцыер, 148). Устаўное ‑к‑ з’явілася пад уплывам слова бакшта ’вежа, турма’.