Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Куды́сьці ’кудысь’ (ТСБМ). Гл. куды.

Кудэ́лык ’скрыначка’ (Бяльк., Яруш.). Да пудэлка (гл.).

Кудэ́ма ’куды’ (Сцяшк. Сл., Кліх). Гл. куды. Формы кудэма‑сюдэма рыфмаваныя як польск. kędy‑owędy. Элемент ‑эма, магчыма, да дзеяслоўнай флексіі 1‑й ас. мн. л. цяп. часу.

Кудэ́ркаць ’забаўляць’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да кудзер (гл.). Зыходная форма, тады *кудзеркаць ’цягаць за валасы’ — дзеяслоў з суфіксацыяй на ‑ка‑ (SP, 1, 49–50).

Куе́зніца, куве́зніца ’патэльня’ (Рам.). Ці не да куёўдзіцца? Параўн. куёўчыцца (гл.).

Куёўдзіцца ’вазіцца, марудзіць’ (Сцяшк. Сл., Нар. словатв., Жыв. сл., З нар. сл., Бяльк.). Укр. куйовдити ’лахмаціць’, рус. куёлдить ’сварыць’. Фасмер (WuS, 3, 202) бачыць у гэтых лексемах прэфікс ку‑, а каранёвую частку ён зводзіць да рус. елдыга ’сварлівы чалавек’, семантычна тоеснага куёлда ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 401). Аднак рус. елдыга само этымалагічна няяснае. Таму пытанне пра паходжанне куёўдзіцца застаецца адкрытым.

Куёўчыцца ’клапаціцца па гаспадарцы’ (Бяльк.). Да куёўдзіцца (гл.).

Куёўшыць ’пераварочваць, рабіць беспарадак’ (ТС). Гл. куёўдзіцца.

Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Ку́жань ’карзіна з бяросты’ (Шн.). Няясна. як звязана з кузаў2 (гл.) у тым жа значэнні.