Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)