Кула́га ’саладуха, ягады, звараныя з мукой, зацірка, кулеш’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Касп., Нік. Очерки, Арх. ГУ, Грыг., Чач., Вешт., Др.-Падб., Маш., Гарэц., Шн., Мат. АС, Янк. Мат., Мат. Маг., Нар. словатв., Бяльк., Сержп. Грам., КЭС, лаг., Яўс., Серб.). Укр. кулага, рус. кулага ’тс’. Параўн. кулеш (гл.). Унутраную форму слова кулага можна ўбачыць у такіх дзеясловах, як кулажыцца, кулажыць ’паказваць на дождж’ (Нас. Сб., Юрч.). Адсюль відаць, што першаснае значэнне было ’вадкая сумесь’. Словаўтваральна мадэль з суфіксам ‑ага. Першасны дзеяслоў, на жаль, надзейна не рэканструюецца, але серб.-харв. ку́ља ’мамалыга’ дае яшчэ адну падставу для выдзялення ў кулага суфікса ‑ага. Слаўскі (3, 347) бачыць рэлікты зыходнага дзеяслова ў kuliti, kuljati (гл. куляць 1).
◎ Кула́гацца ’плюхацца, пялёскацца’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. кулага.
◎ Кула́жыцца ’станавіцца пахмурным (пра надвор’е)’ (Нас., Юрч.). Параўн. кулагацца (гл.). Гл. кулага.
Кула́к 1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).
Кула́к 2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак 1 (гл.).
Кула́к 3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак 1 (гл.).
Кула́к 4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак 3 (гл.).
Куламе́са ’блытаніна, сумесь, штурханіна, мітусня’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), ’гразь, змешаная са снегам’ (ТСБМ). Гл. куламесіцца.
Куламе́сіцца ’балавацца з цестам’ (Бяльк.). Кантамінацыя кулага (гл.) і месіць (гл.). Параўн. куламескі (гл.).
◎ Куламе́скі ’піражкі з пяску і гразі, што робяць дзеці’ (Бяльк.). Гл. куламесіцца.
◎ Кула́ндарка ’лялька’ (Ян.). Магчыма, да *каляндарка ад польск. kolęda ’калядны падарунак’.
◎ Куларо́с ’кіпарыс’ (Шп.). Сапсаванае кіпарыс.
Кула́чкі ў выразе: Ешчэ чэрці на кулачкі ні браліса ’Яшчэ далёка да світання, яшчэ вельмі рана’ (Нар. словатв.). Усталі рано, бы чэрці на кулачку (ТС). Параўн. рус. кулички (у черта на куличках ’вельмі далёка’). Цяжка суаднесці семантыку бел. і рус. выразаў. Ва ўсякім разе беларускі матэрыял не дазваляе ўзводзіць слова да рус. кулич (параўн. Праабражэнскі, 1, 410) або польск. kuliczki ’testes’ (параўн. Ісачанка, ВЯ, 1957, 3, 121). Больш верагодным здаецца суаднясенне з польск. kulik ’карнавал на масленіцу’. Параўн. лат. kuluos lēkt ’гуляць на масленіцу’. Этымон гэтых слоў невядомы (Слаўскі, 3, 350–351).