Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гармі́дар ’гармідар’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.), ’зборышча, натоўп людзей’ (Жд. 2). Форма гармідаль (Касп.: пад гармі́дар) — вынік дысіміляцыі р — р > р — л. Сюды ж гармі́дарны, гармі́дараваць (Нас.). Старая этымалогія (Нас.): < літ. armidaris. Хутчэй, аднак, гэта запазычанне з польск. harmider, hermider (Кюнэ, Poln., 56). Укр. гарми́дер (паводле Рудніцкага, 1, 573, польск. слова < укр.; першакрыніца — перс. мова; параўн. Слаўскі, 1, 407).

Гармо́лік ’гармонік’ (Шат.). Гл. гармо́нік.

Гармо́нік ’гармонік’ (БРС, Касп., Шат.), ’малы губны гармонік’ (Сцяц.). Дысіміляцыяй (м — н > м — л) з гармо́нік узнікла гармо́лік (Шат.); параўн. рус. дыял. гармо́ль ’тс’ (СРНГ, 6, 144). Рус. гармо́ника, гармо́нь. Запазычанне з ням. Harmonika (< англ.). Гл. Фасмер, 1, 394; Шанскі, 1, Г, 30. Няясна, як у бел. мове ўзнікла слова м. р.

Гармо́нія ’гармонія’ (БРС). Ст.-бел. гармония ’згода, гармонія’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне (як і рус. гармония) з польск. harmonia ’гармонія’ (пазней і ’музычны інструмент’, з XIX ст.). Гл. Фасмер, 1, 394; Шанскі, 1, Г, 31; Слаўскі, 1, 407. Польск. harmonia < лац. harmonia < грэч. ἁρμονία.

Гармо́ня ’гармонік’ (Сцяц.). Параўн. рус. дыял. гармония (СРНГ, 6, 145). Для рус. гармо́нь ’тс’. Шанскі (1, Г, 31) лічыць зыходным дыял. гармо́ния ’гармонік’. Гармо́нь, гармо́ня гэта «скарочаныя» формы да гармо́нія (гл.), запазычанага з польск. harmonia.

Гарму́шка ’страва, прыгатаваная з вады, кусочкаў хлеба і солі’ (Сцяшк.), ’накрышаны ў малако (часам у пасоленую ваду) хлеб; цура’ (Сцяц.), гарму́шка ’цура’. Паводле Сцяц. Нар. (49), запазычанне з польск. farmuszka, faramuszka, warmuszka (< ням.) ’поліўка з вады, піва і хлеба; густая поліўка з мукі і інш.’ Аднак можна меркаваць, што слова ўзнікла азванчэннем (к‑ > г‑ пры наяўнасці ў слове санорных гукаў р, м) з карму́шка ’тс’ (гл. карму́шка2 ў Сцяшк.).

Гармя́к ’армяк’ (Сцяшк.). З пратэтычным г‑ да армя́к (гл.).

Га́рнак ’гаршчок’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. garnek (Сл. паўн.-зах., 427). Да польск. слова гл. Слаўскі, 1, 259–260.

Гарнаста́й ’гарнастай’ (БРС, Бяльк.). Рус. горноста́й, горнаста́ль, горноста́рь, укр. горноста́й, польск. gronostaj, чэш. hranostaj, дыял. hramostýl, славен. gránoselj і г. д. (агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 48). Прасл. форма дакладна невядома, можна зыходзіць з *gornostalь, *gornostajь. Агляд версій гл. у Фасмера, 1, 442–443; Слаўскага, 1, 351–352; Трубачова, там жа. Здаецца, што гэта ўсё ж запазычанне са ст.-н.-ням. (ст.-саксон.). Гл. меркаванні Слаўскага (там жа, з ацэнкай версій) і Трубачова (апошні вельмі станоўча выказваецца за запазычанне).

Гарна́ткі ’каралавыя пацеркі’ (Касп.). Ці не з *гранаткі (да грана́т ’назва мінералу’)? У польск. мове ў значэнні ’напаўкаштоўны камень’ у XV–XVII стст. ужывалася форма granatek (гл. Слаўскі, 1, 338).