Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Распя́ць ’расправіўшы, туга нацягнуць’, ’расцягнуць, расправіць (напрыклад, шацёр)’ (ТСБМ, Растарг., Бяльк.), роспʼя́ць ’тс’ (ТС); сюды ж распя́ць ’прыбіць цвікамі да крыжа рукі і ногі’, распя́цце ’раскрыжаванне’ (ТСБМ), запазычаныя са стараславянскага распѧтиѥ ’тс’ і ’крыж’, гл. Сэндзік, Зб. Русэку, 174. Да пяць2.

Расса́ ’густыя зараснікі розных водных траў’ (Касп.). Гл. раса́2.

Рассама́ты ’вілаваты (пра дрэва)’ (асіп., ЛА, 5). Вынік “узнаўлення” словаўтваральнай структуры — з прыстаўкай, параўн. расама́ты (гл.).

Рассасу́льваць ’разважаць, доўга абмяркоўваць’ (Касп.), рассасу́ля ’які шмат гаворыць, разважае’ (міёр., Нар. сл.). Гл. рассусоліваць.

Рассаха́ткі мн. л. ’азярод’ (Сл. ПЗБ). Гл. расахе́т.

Рассахо́ра ’неахайная жанчына, распусцёха’ (Бяльк.). Няясна. Параўн. расоха (гл.) і сахор ’вілы на ўгнаенне’, гл.

Ра́ссе, ря́ссе, ря́сьсе, ра́ссё, ра́сьё, рассё, ра́сся зборн. ’старое адзенне; рвань, лахманы, транты’ (Нас., Касп., Гарэц., Растарг., Бяльк., Юрч., Янк. 2; слаўг., клім., чэрык., лельч., ЛА, 5), сюды ж таксама ря́сище ’падранае адзенне; рыззё’ (Нас.) з узмацняльным суфіксам. Формы характэрныя для беларуска-рускага сумежжа і ўтвараюць адзіны арэал, параўн. рус. бран. (трубч.) і смал. ря́сье, рясьё ’адзенне, парванае ў лахманы’. Да раса́2, параўн. польск. дыял. rzęsa ’парванае адзенне’, rząski ’лахманы, транты’, якія Борысь (SEK, 4, 227) разглядае як другасныя, што праз стадыю акраўкі, растрапаныя ніткі на краях адзення’ асацыююцца з вейкамі (rzęsami) на павеках.

Расста́йны ’звязаны з расставаннем’; ’той, што разыходзіцца (шлях, дарога)’ (ТСБМ), ’развітальны’ (Сцяшк.), раста́йная даро́га ’ростані’ (бераст., ЛА, 2), раста́йныя даро́гі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. droga rozstajna. Гл. ростань, растанкі.

Расста́нне ’расставанне’ (ТСБМ), раста́не, у выразе нет раста́ня ’вельмі прыемна’ (брасл., Сл. ПЗБ) семантыка, імаверна, іншая, менавіта ’развітанне’, г. зн. нет раста́ня ’не хочацца развітвацца’; такім чынам, да ростань (гл.), параўн. і растанкі (гл.).

Рассто́яцца ’распагодзіцца’ (лаг., Жд. 2). Да стаяць (гл.) з семантычным развіццём, абумоўленым наяўнасцю (і значэннем) словаспалучэння стаіць (добрая, -е) пагода/надворʼе. Параўн. рус. пск., смал. расстоя́ться ’тс’. Асноўнае значэнне ў россто́іцца ’спыніцца, застаяцца’ (ТС).