Марэц ’нябожчык’ (ваўк., ДАБМ, к. 317). Да мрэц < прасл. mьrъcь ’тс’. Пачатковае ма‑ пад уплывам польск. martwy.
Мар’яж ’наяўнасць караля і дамы адной масці ў аднаго іграка ў карты’ (ТСБМ). З рус. марьяж ’тс’. Аднак марʼяш ’картачная гульня’ (КТС — Дунін–Марцінкевіч) запазычана з польск. mariasz ’тс’, ’мар’яж’. Абедзьве мовы засвоілі франц. mariage ’шлюбная пара’.
Мар’ян ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (Федар. 6, Мал.), марʼянак ’тс’ (Сцяшк. Сл.), мар’янка ’тс’ (брэсц., Кіс.). Усе з с.-лац. назвы majorana з перастаноўкай зычных йр > рй. Аналагічна і ў чэш. мове: majorán, marjánka і marijanka ’тс’.
Мар’яна ў песні: «Ой, на моры, на марʼяні, на востраві, на кургані, — там бывала старына» (рэч., Доўн.-Зап., Св.), мар’янка ’невялічкі астравок’ (мазыр., Яшк.). Параўн. рус. іркуцк. моря́на (схіл камяністай высокай гары, якая парасла лесам’, ’месца на гары, якое поўнасцю зарасло лесам’. Няясна. Магчыма, лексема ўтварылася з уласнай назвы пэўнага вострава.
Мар’я́нка 1 ’абабак (10 снапоў)’ (ТС). Няясна. Відавочна, у выніку кантамінацыі мара́ (гл.) і стая́нка (гл. віц., стъйа́нкі, ДАБМ, с. 876). Не выключана паходжанне з імя Мар’яна.
Мар’я́нка 2 ’трытон’ (ТС). Не зусім яснае слова. Магчыма, уграфінізм. Параўн. рус. вяц. мурья́ ’задняя ніжняя частка тулава, ягадзіцы’; лексема магла б быць утворана, як польск. kijanka ’пранік’.
Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.
Маса́ж ’расціранне цела з мэтай паляпшэння кровазвароту, абмену рэчываў у тканках’ (ТСБМ). З рус. масса́ж ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88), якое з франц. massage < masser < ст.-грэч. μάσσω ’мяшу, расціраю’. Масіраваць ’праводзіць масаж’ (ТСБМ) — з рус. массировать (Крукоўскі, Уплыў, 82), якое з ням. massieren.
Масалба́с ’аболтус’ (Бяльк.). Відавочна, з ідыш. Параўн. ням. Massel ’балванка (чыгуна)’.
Масалі́ць, му́сліць ’слініць, жаваць’ (Сцяшк., Растарг.), масоліць ’забруджваць’, ’жаваць, грызці’ (Нас., Юрч.), масоліцца, ’брудзіцца чым-н. слізкім’, ’поркацца з чым-н.’, ’падсядаць да каго-н., шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Рус. мусо́лить ’смактаць (косці)’, ’весці або абгрызаць што-небудзь вельмі павольна’, ’доўга жаваць бяззубым ротам’, пск., смал. мосо́лить ’пэцкаць, абгрызаць косць’; валаг. моска́лить ’мазаць галаву тлушчам’ (пры москалыга = мосолыга), перм. му́слить, пск., цвяр. мусо́литься ’доўга поркацца з чым-небудзь’, мусля́к ’неахайны, слімак’. Славен. músa, masára ’брудная жанчына’, ’брудная карова’, zamúsati ’пакрыць брудам’, серб.-харв. кайк. musa, musača, zamúsan, mȕsav. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца новав.-ням. Schmutz ’бруд’, ст.-в.-ням. muzzan ’чысціць’, ст.-грэч. μύδος ’сырасць, гніль’, ст.-інд. mū́ra ’мача’, авест. mūϑtra‑ ’бруд’, і.-е. *meu‑ ’вільготны, рыхлы, брудны’. Аднак ні словаўтварэнне, ні першасная фанетычная форма застаюцца невядомымі (Праабражэнскі, 1, 571; Фасмер, 3, 16–17; Бязлай, 2, 207).
Маса́т ’кавалак сталі для выкрэшвання іскры’ (паўн.-усх., КЭС). Укр. гуц. муса́к ’кавалак наточанай сталі, якім касец выраўнівае лязо касы’. Праз тур. masat ’тачыла для вастрэння нажоў’ з араб. mishad ’тс’ (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 81; БЕР, 3, 677; Брукнер, 349).