Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Пру́чацца, пру́чатысь ’намагацца, сіліцца’ (Клім.), пру́чатіся ’тс’ (брэсц., Нар. лекс.), пру́чаті ’падымаць што-небудзь цяжкае’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. пруча́тися ’ўпірацца, натурыцца, супраціўляцца’, пручну́тися ’ірвануцца, кінуцца’, чэш. дыял. vypručiť (‑čať, ‑čovať) ’прагінацца, каробіцца (аб сценах дому, дошчачках бочкі)’, ’ганарыцца’, (vy)prúčat sa ’ганарліва прагінацца назад’, славац. pručiť ’выгінаць, згінаць’. Прасл. *pručiti ’надзімацца, выгінацца, намагацца’, ’працівіцца’ < прасл. *pruk‑ працягвае і.-е. аснову *(s)preuk‑ (Варбат, Этимология–1975, 31). Борысь (Зб. Русэку, 41–44) далучае сюды харв. чакаўск. пру̏čit ’марнатравіць, раскідваць (грошы)’ і выводзіць першаснае значэнне прасл. *pručiti ’прымушаць рассыпацца, разлятацца, растрэсквацца’, суадноснага з ітэратывам *pručati.

Пру́шчына ’прасціннае палатно’ (пух., Сл. ПЗБ), ’белы паркаль’ (стаўб., Жыв. сл.; З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.), ’белы матэрыял на сарочкі’ (Сцяшк. Сл.), prúščyna ’белае палатно, танчэйшае за кужаль’ (Варл.). Утварэнне ад прыметніка просты з суф. ‑j‑іна: *prostjina < *prostъ. Гл. прошчына.

Пру́шыць ’церушыць’ (гродз., Сл. ПЗБ). З польск. prószyć ’тс’ (Мацкевіч, там жа, 4, 120).

Пры — прыназоўнік (з М. скл.) і прэфікс, параўн. ст.-слав. при, ст.-рус., ст.-бел. при, укр. при, рус. при, польск. przy, каш. přë (памор. přå̃/přä), палаб. prai‑ (прэфікс.), в.-луж. při, н.-луж. pśi (дыял. pśa), чэш. při, славац. pri, славен. pri, серб.-харв., макед., балг. при. Асноўныя значэнні, якія развіліся на зыходнай праславянскай семантычнай базе: прасторавае з указаннем на цесную блізкасць; указанне на адносіны падпарадкавальнасці, падобнасці, аднесенасці да чаго-небудзь; на наяўнасць чаго-небудзь у каго-небудзь; на час, абставіны, становішча. Найбліжэйшымі паралелямі да прасл. *pri лічацца літ. priẽ ’пры, каля, да’ (жамойц. pry, таксама з нарашчэннем ‑gi: príegi/priẽg) з Р. скл., ст.-прус. prei ’да, пры’ з Д. скл. (Фрэнкель, 652–653; Траўтман, 230; пра праблематыку ст.-літ. постпазіцыйнага ‑pi, які ідэнтыфікуецца з лат. прыназ. píe, прасл. і літ. прыназ. з ‑r‑ гл. Ваян, RÉS, 33, 109). Больш далёкія і.-е. адпаведнікі: ст.-лац. prī, грэч. πάραι ’пры’, ст.-інд. parḗ, таксама хец. pa‑ra‑a = parā ’ўперад, з (адкуль-небудзь)’. Аб іранскім інгрэдыенце ў семантыцы *pri (= *kъ, суадносным з сагдз. kw ’к’) гл. Мартынаў (Язык, 50–51). У якасці прэфікса, які працягвае прасл. *pri‑, утварае перш за ўсё дзеясловы са значэннямі: давядзення дзеяння да канчатковай мэты (прыйсці́, прыхілі́цца); дабаўлення, збліжэння, замацавання чаго-небудзь з чым-небудзь (прыдрукава́ць, прышы́ць); накіравання дзеяння да сябе, выканання дзеяння ў сваіх інтарэсах (прыва́біць, прысво́іць); накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз (прымя́ць, прыці́снуць); паўнаты, вычарпанасці дзеяння (прывучы́ць, прыахво́ціць); непаўнаты, слабой меры дзеяння (прыспа́ць, прыадчыні́ць); суправаджальнасці дзеяння (у дзеясловах на ‑(оў)ва: прыгаво́рваць, прытанцо́ўваць). Утварае назоўнікі і прыметнікі са значэннямі: непасрэднага прымыкання да чаго-небудзь (прыла́знік, прыбра́мнік); дадатковасці (прыпло́д, прыпёк). Большая частка гэтых значэнняў мае агульнаславянскі характар. Гл. таксама Фасмер, 3, 362; Скок, 3, 39; Махэк₂, 492; ESSJ, 2, 210–216 (з падрабязным аглядам літ-ры і версій); БЕР, 5, 690.

Прыабрэ́ць ’набыць’ (віл., Сл. ПЗБ). Пры адсутнасці бяспрэфікснай формы хутчэй за ўсё запазычана з рус. приобрести ’тс’, параўн. іркуц. приобрекчи́ ’тс’; аднак наяўнасць старой карпата-палескай ізалексы, укр. приобрі́ти ’прыдбаць’ — прыобры́ты ’тс’ (Клімчук, Бел.-укр. ізал., 35) сведчыць пра зыходную ц.-слав. форму обрѣсти ’знайсці’, роднасную сустрэць, стрэчанне (гл.).

Прыаса́міцца ’прыняць самавіты выгляд; адчуць уласную сілу; выпрастацца; фарсіста прыбрацца’ (Нас.). Да зафіксаванага там жа аса́міцца (гл.), аса́місты — народнаэтымалагічнага пераасэнсавання (пад уплывам сам) слова аса́ністы. Параўн. аналагічнае рус. дыял. приоса́миться ’падбадзёрыцца, прыняць паважны выгляд’.

Прыасётак ’прыбудоўка пры восеці, ёўні; заканурак у гумне, паміж ёўняй і сцяной, у які сыплюць колас, мякіну’ (Некр., Янк.). Да асе́ць, во́сець (гл.). Параўн. засётак (гл.).

Прыато́снік ’жалезная пласцінка на аглоблі, за якую чапляюць атосы’ (смарг., Шатал.), прыто́сак ’канец атосы ў выглядзе кальца’ (міёр., ЖНС), пры́тасьнік ’драўляны або жалезны падцяжак, які надзяецца на вось і за які прымацоўваецца атоса’ (в.-дзв., Шатал.). Да ато́са (гл.). Зафіксаваныя ў рускіх гаворках Літвы і Латвіі арэальна блізкія при́тоска, при́тосник ’металічная дэталь, якая злучае атосу з канцом пярэдняй восі драбін’ — з суседніх беларускіх гаворак.

Прыбабо́ны ’забабоны, прымхі’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *бабо́ны з той самай семантыкай, адкуль і значна больш распаўсюджанае забабо́ны (гл.); параўн. укр. бабо́ни (падрабязна гл. ЕСУМ, 1, 106), каш. babonë, якія да прасл. *bobonъ (SP, 1, 288). Сюды ж прыбабунькі ’показкі’ ў Р. Барадуліна, вытворнае прыбабу́нькаваць ’прыгаворваць, рабіць невыразныя заўвагі’ (міёр., Жыв. НС), рус. дыял. прибабу́ни ’пустаслоўе, плёткі’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 214; SEK, 1, 81.

Прыбагну́цца ’ўздумацца’: пе́вень, як колі́ ему́ прыбагне́цца, покрычы́ць, кукарэ́куе (ПСл). Належыць да агульнага ўсходнепалескага лексічнага фонду, параўн. укр. приба́гти́, прибагну́ты, прибага́ти ’мець, займець моцнае жаданне’ — прэфіксальнае ўтварэнне ад багти́ < прасл. *bažěti, *bažati < *bagēti (падрабязна гл. ЭССЯ, 1, 172–173; ЕСУМ, 1, 111). Гл. бажаць.