Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Марона ’рыба, Barbus barbus (L.)’ (Жук.; бабр., КЭС; Крывіцкі, Зб. Крапіве). На Дняпры яе называюць мірон. Ст.-рус. мѣрена, мюрона. Было запазычана з с.-грэч. μύραινα ’марскі вугор’ (Фасмер, 2, 626). Пачатковае ма‑ (а не ме‑) — уплыў назвы іншай рыбы, ’Coregonus maraena’, тое ж польск. marena, якія з новав.-ням. Maräne (Махэк, ZfSlPh, 19, 56). Гл. таксама марэна2.

Мароняны ’ружовы’ (драг., Нар. лекс.). Паходзіць з назвы расліны Rubia tincturia — марэна, з якой здабывалі чырвоную фарбу. Паводле Бернекера (2, 18), назва ўзыходзіць да прасл. marěna, якое ад marati > мара́ць ’пэцкаць’.

Марочлівы ’няшчыры, які хлусіць, віляе ў розныя бакі’ (Растарг.). Да марока (гл.).

Марочна, марочне, марочня, моро́чня, моро́шня, марочына ’нізкае, гразкае балота’, ’гразкая паляна сярод лесу, багністая мясцовасць, балота, дзе растуць журавіны’ (усх.-палес., Талстой; стол., ДАБМ, Нар. лекс.; ТС; стол., лунін., ЛАПП). Беларускае. Укр. зах. мороква ’багна’, жытом., кіеў. хмере́ча ’гушчар, нетры лесу’, ’малады лес на месцы старога’. Іншая ступень чаргавання ‑or‑/‑er (на ўсх.-слав. тэрыторыі ‑оро‑/‑epe‑). Параўн. таксама мярэча. Да морак (Талстой, Геогр., 188) < прасл. morkъ < mьrknǫti.

Марочыны ’сцёблы і лісце гароху’ (расон., ДАБМ, к. 278). Паводле падабенства, у выніку семантычнага пераносу з мароча, мярэча (гл.) ’гушчыня лесу, праз якую цяжка прайсці’.

Мароша ’дробны дождж’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), марошка ’тс’ (Інстр. I). Рус. кастр. мороса́ ’тс’, цвяр. моросейка, алан. моросуха, вяц. моросный ’хмарны, дажджлівы’, том. мо́рош, арханг. мо́рочь, перм. мо́рошено ’хмурнае надвор’е. Да марасі́ць (гл.).

Марошка ’марошка прысадзістая, Rubus chamaemorus L.’ (Кіс., ТСБМ). Складае з рус. паўн. морошка ’тс’ адзін арэал. У рус. мове — з угра-фінскіх. Параўн. фін. muurain, muuran, мансі moraχ, moreχ, ханты mūreχ, нганас. muraʼka, энецк. maragga (Фасмер, 2, 658).

*Марошнік1, моро́шнік ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ ’паўночнік палявы, Knautia arvensis (L.) Coult’ (лельч., Бейл.). Названы паводле таго, што растуць у гушчары кустоў, у гразкіх мясцінах — у марочах (гл.).

Марскану́ць ’рэзка адштурхнуць, піхнуць, шпурнуць, адкінуць’, ’ударыць, выцяць, хлыснуць, стукнуць нагою’, ’сцебануць’ (ТСБМ; карэліц., Нар. сл., Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.; клец., Жыв. сл.), ’кінуць, пабароць’ (Сцяц.), марска́ць ’хутка кідаць нешта дробнае’ (Шат.), марськану́ць ’уцячы наспадзявана для другога’, ’хутка з’ехаць’ (Бір. Дзярж.; бабр., КЭС); марсану́ць ’хутка ўцячы’ (Шат.), марскну́ць ’мільгануць’ (Яруш.), намарска́цца ’напрацавацца, затраціць многа сілы’ (Янк. 1), марса́ць ’часта махаць галавой (пра жывёлу)’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Укр. морсну́ти < морскати ’сцябаць, біць’, мо́рскатися ’бадзяцца’. Паўд.-рус. морсну́ть ’ударыць, сцебануць’, ст.-рус. мърсъкъ ’біч’, польск. merskać, myrsnąć ’сцябаць’, в.-луж. morskać, morsknyć ’сцебануць бічом’, чэш. mrskati ’сцябаць’, ’махаць, біць’, mrskati se ’біцца, кідацца (у трызненні)’, ’плюхацца’, mrsknouti ’сцебануць’, ’жбурнуць, рэзка адкінуць’, mrsknouti se ’расцягнуцца (рэзка ўпаўшы на зямлю)’, ’раптоўна паварочвацца’, славац. mrštiť ’кінуць, жбурнуць’, mrskať ’мільгаць, біць бічом’. Дакладным адпаведнікам іх Махэк₂ (380) лічыць літ. šmìrkšterė́ti ’сцябаць бічом’. Прасл. mъrskati ’хутка рухацца’, якое Махэк₂ (380) і Махэк (SR, 10, 74) выводзіць з mьrskati. Апошняе Меркулава (Этимология–74, 60–61) разглядае як утварэнне з інтэнсіўным суфіксам ‑sk‑ ад прасл. merti ’біць’ (гл. Петлева, Этимология–72, 87, а таксама Куркіна, ОЛА–1972, 219–222).

Марскаце́ць ’імгліць’ (маст., Сл. ПЗБ), славен. mřščati ’тс’. Да прасл. mьrskotъ ’цурчанне’. Параўн. марасі́ць.