Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́шча1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.

Про́шчыня ’палатно, вытканае ў 2 панажы’ (пін., Шатал.), прошчыне́ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), про́шчынʼа́, прошчыне́ ’тэхніка ткання на дзвюх нічанках і двух панажах, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Да просты (г. зн. просты від пляцення) з суф. ‑y‑ або ‑ja (*prostja) і з суф. *‑yni > ыня, як у рус. простыня́ < *prostyni (аб суфіксе гл. Слаўскі, SP, 1, 139 і наст.).

Про́шыб ’памылка’ (Сцяшк. Сл.). Дэрыват з нулявым суфіксам ад дзеяслова *прашыбаць, параўн. рус. прошиби́ть ’прабіць, праламіць’, ’памыліцца, зрабіць промах’. Да шыбаць, ашыбаць (гл.).

Про́-. Націскны варыянт прыстаўкі пра- (гл.)

Пруг ’падоўжаная палоска па краі тканіны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Уладз.; бых., шкл., КЭС) ’рубец у шытве’ (Нас., Уладз.), ’рубец на скуры’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’ліштва ў бёрдзе для замацавання трасцінак’ (ТС), ’папярочка паміж слупамі ў калодзежы’ (ельск., Нар. сл.), пругі́, пругы́, пруге́ ’тонкія дошчачкі, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Шат., Уладз., Бяльк.; брагін., Нар. сл.) або ’каб не блыталіся ніткі асновы’ (Касп., ТС, Дабрав., Кросны, Інстр. 3, Сл. ПЗБ). Рус. пру́га ’пружына’, укр. пруг ’край, рабро, кант’, ст.-рус. пругъ ’сетка’, польск. prąg, pręga, в.-луж. pruha, н.-луж. pšuga, чэш. pruh, prouha, славац. pruh ’паласа’, серб.-харв. пру̏г ’расцягнуты’, пру́га ’паласа, лінія’, славен. próga ’паласа, лінія, кант’, балг. пръг ’кій (у кроснах), рама’, пъ́ргав ’пругкі’, макед. пруга ’паласа’. Прасл. *prǫgъ, prǫga ’паласа, край’. Першапачаткова ’тое, што нацягвае, напружвае’, звязанае чаргаваннем галосных з *pręgti ’нацягваць, запрагаць’. Параўноўваюць з літ. sprangùs ’той (або тое), што душыць’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло для птушак, зажым’, ст.-в.-ням. springen ’скакаць; біць струмянём’, ст.-ісл. springa ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 387 і наст.; там жа і інш. літ-pa; БЕР, 5, 816). Відаць, няма падстаў аддзяляць ад папруга (гл.), параўн. Скок, 3, 31; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Бязлай, 3, 126. Памылкова Кюнэ (Poln., 90) разглядае віцебскае пруг ’край; рубец’ як запазычанне з польск. próg ’парог’.

Пру́гкі ’які хутка прымае першапачатковую форму пасля сціскання або згінання, пруткі, нядрузлы, не вялы; крамяны, моцны’ (ТСБМ, беласт., Сл. ПЗБ). Да пруг (гл.), пру́га ’моцна, туга’ (Нас.), параўн. рус. упру́гий ’пругкі’, а таксама словаўтваральную паралельнасць пруг//пру́гкі, прут//пру́ткі, пруд//пру́дкі.

Пру́гліць ’спружыніць’ (ТС). Да пруг, пругло (гл.).

Пру́глічка ’драўляны падгалоўнік у ложку’ (рас., Шатал.). Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 126), паколькі слова не этымалагізуецца на славянскай глебе і ягоны арэал блізкі да балтыйскага, яно магло быць запазычана з балтыйскіх моў; параўн. літ. brūklỹs ’тоўстая палка, кавалак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’.

Пругло́1 ’дужка паміж ручкамі ў папярочнай піле’, ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак’ (ТС), рус. пругло́ ’сілок, пятля, пастка для птушак’, ст.-рус. пругло ’цянёты, сетка, пастка’, чэш. pruhlo ’сіло’, в.-луж. prudło, н.-луж. pšudło, славен. prógla, серб.-харв. пру́гло ’тс’, балг. прегло ’пастка для птушак’. Прасл. *prǫglo, паводле Слаўскага (SP, 1, 104), утворана ад дзеяслова *pręgǫ, prękti ’напружваць’ з інструментальным суфіксам ‑lo. Першаснае значэнне, відаць, ’наведзенае, нагнутае дрэўца, да якога прымацавала пятля, сіло’, параўн. Махэк₂, 488 і апісанне пругла ў ТС, 4, 233: “Як толькі качар праплываў праз уваход, ён чапляўся за наведзенае пругло. Яно паднімалася і зацягвала пятлю на шыі ў качара. Качар павісаў”. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1975, 31, якая ў якасці паралеляў прыводзіць нова-в.-ням. Sprigel, sprügel, sprugel, sprogel ’пругкая дужка, сілок’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло’. Параўн. Фасмер, 3, 388; БЕР, 5, 631; Шустар-Шэўц, 2, 1163; далей гл. пруг, пругкі.

Пругло́2 ’калодзежны журавель’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. 2, Бір.), ’вочап’ (слуц., Нар. словатв.), ’бервяно-рычаг калодзежнага жураўля’ (чырв., З нар. сл.), ’палка, якой замыкаюць кубел’ (Варл.). Паводле ДАБМ (к. 243), слова ў значэннях ’вага’ і ’журавель’ распаўсюджана на Случчыне, а на астатняй беларускай тэрыторыі — спарадычна. Польск. prągło і роднасныя ў аналагічных значэннях вядомы ў Вялікапольшчы, Сілезіі і на Веліньску (Ляшчынскі, RS, 31, 1, 30). Асноўнае значэнне разглядаемага слова ’бервяно; палка’ і тэрыторыя яго пашырэння наводзяць на думку аб запазычанні. Параўн. бел. пруглічка, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 126) параўноўвае з літ. bruklýs (з менай ‑p‑/‑b‑, тыповай для балтыйскіх моў) ’тоўстая палка, адрэзак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’. Не выключаным застаецца і лакальнае семантычнае развіццё слав. *prǫglo ’пастка’, параўн. дэфініцыю рус. пругло́ ў Даля: ’усякая трымалка; падпорка; рычаг’.

Пругме́нь, пругме́іне, пругме́ня, пругмянё ’панадворак; прыгуменне’ (Сл. ПЗБ; стаўб., Нар. лекс.; слуц., Нар. словатв.; чырв., З нар. сл.). З пры‑ (гл.) і гумно́ (гл.), параўн.: пругменё кала гумна (там жа). Гл. прыгуменне.