Про́шча 1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).
Про́шча 2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)