Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мармі́ска ’кулеш’ (гродз., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, балтызм. Параўн. marmė́ti ’клякатаць’, ’кіпець’, ’пускаць пухіры’.

Мармоль ’нелюдзімы, негаваркі чалавек’ (ТСБМ), польск. сувальск. mormol ’мармыль, маўклівы’. Балтызм. Параўн. літ. marmãlius ’той, хто хутка і няясна, неразборліва гаворыць’. Параўн. таксама рус. калін. морму́лить ’ворчать’. Гл. таксама мармыль.

Марму́за1 морму́за ’хара, морда’ (Нікан.), ’галава’, ’морда’ (ТС); шальч., трак., іўеў. ’маўклівы, негаваркі’, дзятл. ’бурклівы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), укр. ровен. ’свінячае рыла’ (ЛАПП), мармузова́ты ’тоўсты, неўваротны’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. marmū̃zė ’морда, рыла’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 34).

Марму́за2 ’запэцканы’ (раг., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. marmùzas ’брудны, запэцканы сажай’.

Марму́за3 ’рэдкая нясмачная страва’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Няясна. Гл. мармі́ска.

*Марму́каць ’мармытаць’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. marmùklis ’мармытун’.

Марму́лак, марму́лок ’брусок для вастрэння брытвы’ (Сцяшк.; слонім., Жыв. сл.; драг., КЭС). З польск. marmurek; ‑л‑ у бел. лексемы ў выніку дысіміляцыі рр > рл.

Марму́ль1 ’жорны, млыновыя камяні’ (Федар. 6). З польск. marmul, якое ў выніку распадабнення з marmur. Да ма́рмур (гл.).

Марму́ль2 ’пухліна на целе’ (Нікан.). З укр. моргуля, мордуля ’шышка, пухліна’. Да ўкр. варгу́ля ’шышка, гуля на ствале дрэва’, якое да варга ’губа’ < і.-е. *u̯erg‑ (ЕСУМ, 1, 333).

Марму́ль3 ’буркун, негаваркі’ (в.-дзв., докш., лід., гродз., Сл. ПЗБ), ’нелюдзімы, бурклівы чалавек’ (Федар. 6), ’чалавек, марудны ў рухах і ў словах’ (КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. marmùklis ’той, хто бурчыць’, marmūnas ’той, хто гаворыць невыразна ў нос’. Сюды ж мармуць, мурмуць ’маўклівы чалавек’ (Крыў., Са сл. Дзіс.), утвораны пры дапамозе суфікса ‑ūtis ад marmė̃ti, murmė̃ti ’мармытаць, няясна гаварыць’.

Ма́рмур ’цвёрдая горная парода, якая ўжываецца для архітэктурных і скульптурных работ’ (ТСБМ, Нас., Бес.; швянч., Сл. ПЗБ), марму́рак ’папера, афарбаваная пад мармур’, марму́ркавы ’колерам падобны да мармура’ (Нас.), марвовы ’мармуровы’ (мін., Нар. сл.), ст.-бел. мармуръ, марморъ ’мармур’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. marmur, marmor (Булыка, Лекс. запазыч., 141; Кюнэ, 76), якія з лац. marmor ’тс’ < ст.-грэч. μάρμαρος ’камень’, ’бліскучы камень’.

Мармы́ль ’бурклівы мядзведзь, чалавек’, ’маўклівы чалавек’ (Касп., Нас., Некр.), ’маўклівы чалавек’ (клім., Мат. Маг.), мармылёк ’капрызнае дзіцё’ (Нас.), лун. мормы́ль ’мармытун, які гаворыць сам з сабой’ (Шатал.), мормэ́ля, мэрмэ́ля ’тс’ (ТС), мармы́ля ’нелюдзень’, ’той, хто незразумела гаворыць’ (докш., Янк. Мат.). Балтызм. Параўн. літ. murmùlis, murmuiỹs ’той, хто няясна гаворыць, бурчыць’ < murmė́ti, marmė́ti ’мармытаць, няясна гаварыць’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 120).

Мармы́рак ’таўстаморды чалавек, які стаіць нерухома і, мармычучы, лыпае вачыма або вытрэшчвае іх’ (полац., Нар. лекс.). У выніку прыпадабнення рл > рр з мармыль (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ак.

Мармыта́ць, мармата́ць, марміта́ць, мормота́ць ’выдаваць невыразныя гукі’, ’гугнявіць’, ’муркаць’, ’бурчэць (аб сабаку, мядзведзі)’, ’муркаць, варкатаць (пра ката)’, ’гаварыць ціха і невыразна’, ’бубніць’, ’гаварыць незадаволена, праз зубы’, ’ціха мыкаць (аб карове)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС, Мал.; КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс.), шчуч. мармату́н (Сл. ПЗБ, КЭС, лаг.), мармота ’воўк (у загадцы)’ (ТС), мармуту́н ’чалавек, які невыразна гаворыць, бубніць’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’хто гаворыць сам з сабой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. момотати, мормотати ’мармытаць’, рус. алан., валаг., пск., цвяр. мормотать ’тс’. Гукапераймальнае, як літ. murmė́ti ’тс’, ст.-інд. murmuras ’трэскае (пра агонь)’, marmaras ’шаматлівы’, лац. murmurāre ’мармытаць, шалясцець’, ст.-грэч. μορμύρω, арм. mṙmṙam, mṙmṙim ’мармычу, бурчу, раву’, ст.-в.-ням. murmulôn ’мармытаць’ (Фасмер, 2, 656).