Тэнч ж. ‘танката (пра ніткі)’ (навагр., З нар. сл.). Экспрэсіўны назоўнік, утвораны нульсуфіксальным спосабам ад то́нкі (гл.) з адлюстраваннем пераходу о > э. Параўн. то́ўсты, тоўшч, тэўшч, гл.
Тэ́нча ‘вясёлка’ (Шатал., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Скарбы, Жд. 1, Сержп. Грам., Мат. Гом., ТС), тэнч ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж тэнчо́вік ‘саматканы дыван’ (Рэг. сл. Віц.), тэнчаве́ць ‘пералівацца вясёлкай, святлець’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tęcza ‘вясёлка’, таго ж паходжання, што і туча (гл.), параўн. мажлівую сувязь двух паняццяў у ст.-бел. натура наша людскаꙗ … показаласе ꙗко дꙋга, ꙗко тꙋча (XVII ст., ГСБМ), што, відаць, калькуе польск. tęcza ‘дугападобная частка скляпення ў касцёле’ (Варш. сл.).
Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.
Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск. tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл. *tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб. косава-мятох. тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?
Тэо́рыя ‘навука, абагульненыя палажэнні, сістэма ідэй’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў праз польск. teoria ‘тс’, якое з лац. theoria, што, у сваю чаргу, з грэч. θεοριᾶ ‘назіранне, меркаванне, вучэнне’ (Фасмер, 4, 43; ЕСУМ, 5, 43).
Тэ́паць ‘ісці, тупаць’, ‘хадзіць няпэўна (пра дзіця і старых)’ (ТСБМ, Янк. 2, Яўс.). Параўн. польск. tępać ‘тупаць’ (Борысь, 654: з другасным насавым), н.-луж. tepaś ‘тс’, балг. дыял. те́пам ‘ісці марудна ад старасці ці па-дзіцячы’. Гл. тупаць; форма з экспрэсіўным або варыянтным вакалізмам, што можа ўзыходзіць да прасл. *tъpati, параўн. тыпаць, гл. Аднак большасць даследчыкаў звязваюць яе з прасл. *tepti, роднасным з літ. tèpti ‘мазаць’, лат. tept ‘тс’ з асноўным значэннем ‘біць, стукаць’, да якога праз чаргаванне ўзыходзяць і тупаць, тупат, гл. (Фасмер, 4, 45; Шустар-Шэўц, 1504; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949). Гл. наступнае слова. Сюды ж тэ́пало ‘той, хто тэпае’ (Янк. 2), тэ́паць ‘лапаць, сандаля’ (Яўс.), тэ́пці ‘хатні абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тэ́пкацца ‘дыбаць, ісці’ (Кал.).
Тэпсты́ (тепсти́) ‘ківаць, матляць, целяпаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тыпсты́ ‘моцна трасці; шукаць’ (Клім.). Параўн. рус. дыял. тепсти́ ‘цягнуць, вязці з натугай’, палаб. tipst ‘трэсці’, славен. tepsti ‘біць, лупцаваць’, харв. tèpsti ‘збіваць масла; біць, стукаць; валачыць; плявузгаць’, серб. те̏псти ‘збіваць масла, пляскаць, боўтаць, калаціць’, роднасныя літ. tèpti ‘мазаць, шмараваць; біць, стукаць’ пры аблаўтным tapšnoti ‘ляпаць’ з інавацыйным суф. ‑šno‑ (Смачынскі, 673), параўн. харв. tȁpšati ‘тс’. Прасл. *tepti ‘стукаць, біць’ (гл. цепаць) з «інтэнсіўным» s, відаць, гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 45; Скок, 3, 460; Глухак, 623; Шустар-Шэўц, 1504; Бязлай, 4, 170–171; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949).
Тэ́пталь (тэ́птыль) ‘чалавек, які марудзіць’ (мёрск., З нар. сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таптацца (гл. таптаць) з суфіксам са значэннем асобы, названай па негатыўнай прыкмеце, і варыянтным вакалізмам.
Тэпэ́р ‘цяпер’ (кам., Сл. ПЗБ), тепе́р ‘тс’ (Вруб.), памянш. тэпэ́рачка ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. теперь, тепере, теперя, теперечи ‘тс’ (ГСБМ). Гл. таксама тапер, тіпіро, цяпер — варыянтныя формы першаснага спалучэння ўказальнага займенніка *tъ або часціц *to,*te (гл. ESSJ SG, 2, 684) і прыметніка *pьr̥vъ/pьr̥vь, параўн. укр. тепе́р, тапе́р, це́пер ‘тс’, рус. тепе́рь, топе́рь ‘тс’, чэш. teprv(e) ‘толькі’, серб. то̀прв ‘толькі, толькі што’ і інш. (Фасмер, 4, 44; ЕСУМ, 5, 547; Арол, 4, 61). Звязана з той, тый, тэй і первы, гл.
Тэ́раз ‘цяпер’ (Сл. ПЗБ), тэ́рас ‘тс’ (Сл. ПЗБ, шчуч., З нар. сл.), тэразне́йшы ‘цяперашні, сучасны’ (гродз., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. тэразъ, тэразъ ‘зараз, цяпер’ (XVII ст.), теразнейший, терезнейший ‘цяперашні’ (ГСБМ). Са ст.-польск. teraz ‘толькі што’, tenraz ‘цяпер’ (XVI ст., ESSJ SG, 2, 654; Борысь, 630), сучаснага польск. teraz, terazniejszy з тым жа значэннем (Булыка, Лекс. запазыч., 157).