Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тэ́ка ‘футляр для захоўвання пісьмовых прылад; партфель’ (Нас., Шымк. Собр.). Запазычана праз польск. teka ‘партфель, папка для папер’, памянш. teczka ‘тс’ (гл. тэчка), з лац. theka ‘футляр, чахол’ < грэч. θήχη ‘сховішча, скрынка’ (Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 535).

Тэкі́нскі — назва пароды белых курэй (ТС). З рус. теки́нский ‘які мае дачыненне да тэкінцаў’ (тэкінцы — туркменская этнічная група).

Тэкст ‘тое, што сказана, напісана або надрукавана і звязана сэнсам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ст.-бел. текстъ (XVII ст., ГСБМ). Мажліва, запазычана непасрэдна з лац. textus, аднак больш верагодна польскае пасрэдніцтва, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 165; у тым ліку і для рус. текст, гл. Кохман, 217.

Тэксты́ль ‘ткацкія вырабы’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘валакно’ (Некр. і Байк., Ласт.). З заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. textil, франц. textile ‘прадзільны, ткацкі’, што, у сваю чаргу, з лац. textīlis ‘тканы’ > texo ‘ткаць’ (Фасмер, 4, 37); паводле Арла (4, 54), у выніку адаптацыі заходнееўрапейскіх слоў і запазычанага рус. тексти́льный ‘тканы’ да лац. textus ‘тканая рэч’, таго ж паходжання, што і тэкст, гл. Параўн. польск. tekstylia ‘тэкстыльныя рэчы’.