Тэало́гія ‘багаслоўе’ (ТСБМ), тэолёгія ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. теология, феология ‘тс’ (1595 г., ГСБМ). Запазычаны са ст.-польск. teologia ‘тс’, якое з лац. theologia, а апошняе са ст.-грэч. θεολογίᾱ ‘навука пра багоў’ ад θεός ‘бог’ і ‑λογία < λόγος ‘слова’ (Булыка, Лекс. запазыч., 162; ЕСУМ, 5, 546–7). Параўн. таксама ст.-бел. теологъ, што са ст.-польск. teolog ‘тс’; другасныя варыянты, фанетычна набліжаныя да грэчаскіх формаў феологъ, феолокгъ. Таго ж паходжання народнае тэлялёг ‘багаслоў’; студэнт-багаслоў; чалавек, што чытае ў царкве святыя кнігі’ (Нас.), магчыма, іранічна і фармальна набліжанае да гукапераймальных слоў таляхаць, талялёхаць і інш., гл.
Тэарэ́ма ‘матэматычнае палажэнне, правільнасць якога ўстанаўліваецца доказам’ (ТСБМ). Праз рускую мову (теорема) з франц. théorème, якое з лац. theorema ‘палажэнне, якое падлягае доказу’ < ст.-грэч. θεωρέω ‘гляджу на відовішча’, ‘разглядваю, абмяркоўваю, ацэньваю’, θεώρημα ‘відовішча’ (Фасмер, 4, 43; ЕСУМ, 5, 547).
Тэа́тр ‘род мастацтва, прадстаўленне відовішчаў’, ‘памяшканне са сцэнай і залам’, ‘месца важных падзей’ (ТСБМ, Пятр.), тэа́тар, тэа́тр (Некр. і Байк.), ст.-бел. театръ, театрумъ ‘тэатр, сцэна, памост’ (1638 г). Запазычана або са ст.-польск. teatr, teatrum, якія праз лац. theātrum узыходзяць да ст.-грэч. θέατρου, іян. υέητρον ‘гледачы, публіка ў тэатры’, ‘прадстаўленне’, або непасрэдна ад лац. theātrum, пра што сведчыць ранняя фіксацыя ў старабеларускай мове формы театрумъ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Прысутнічае не ва ўсіх славянскіх мовах, параўн. чэш. divadlo, славац. divadlo, харв. gledalîšte, што тлумачаць уплывам пурыстычных тэндэнцый (Чарных, 2, 231–232; ЕСУМ, 5, 534; Скок, 1, 568; Фасмер, 4, 34).