Тоўшч, то́ўшча ’таўшчыня’, ’маса якога-небудзь што мае вялікую таўшчыню рэчыва, цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жд. 2, Гарэц., ТС), ’таўшчыня зямлі, не паверхня’ (БРС), ’вышыня стромага берага’ (Др.-Падб., Яшк.), тэўшч ’таўшчыня’ (Янк. 2). Укр. то́вща ’густы лес, нетры’, ’тоўсты слой’, рус. то́лща ’аб’ём; маса цела’, ’гушча’, ’слой, пласт’, ’таўшчыня’, польск. tłuszcz ’тлушч’, tłuszcza ’натоўп людзей, зброд, галота’, чэш. tloušť ’галавень, Leuciscus cephalus’, старое ’таўшчыня’, tloušťka ’таўшчыня, паўната’; славен. старое tọ̑lst (Р. скл. tolstȋ) ’тлушч’, новае tọ́lšča ’тс’, ст.-слав. тлъшта ’таўшчыня’. Прасл. *tъlst‑jь, *tъlst‑ja, утвораныя ад прыметніка *tъlst‑ъ пры дапамозе суф. *‑jь, *‑ja. Да тоўсты (гл.). Аб мене о > э ў лексеме тэўшч гл. Карскі, 1, 156.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)