Ту́паць ‘ісці, няхутка ступаць, стукаючы нагамі’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., ТС), ‘хадзіць не спяшаючыся’ (Скарбы,), ‘корпацца ў хаце’ (Ласт.), ‘працаваць па гаспадарцы’, ‘дагаджаць некаму, прыслужвацца, каб дамагчыся даверу’ (Варл.), ту́пать ‘хадзіць па-старэчы, ледзь рухацца’ (Растарг.), ту́пати ‘стукаць нагамі пры хадзьбе’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́па́ти ‘тс’, рус. дыял. ту́пать ‘стукаць нагамі; перасоўвацца, ісці’, польск. tupać, старое tępać, каш. tëpać/tupać, в.-луж. tupać, н.-луж. tupaś ‘шумна ступаць’, серб. цімак. тупа ‘стукаць, біць; хадзіць туды-сюды’, балг. ту́пам ‘стукаць, грукаць, гучна ступаць’, макед. тупа ‘тс’. Агульнаславянскае ўтварэнне гукапераймальнага паходжання, што ўзыходзіць да прасл. *tupati ‘грукаць, асабліва нагамі па зямлі, утвараючы глухі гук’ (Борысь, 654), паралельнае да то́паць, гл. (Фасмер, 4, 121). Запазычана ў ідыш tupen ‘тс’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), на базе якога ўтворана ід. tupeniš ‘тупат’ (Geller, Jidysz, Język Żydów polskich, Warszawa, 1994, 198) і, магчыма, тупані́на ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)