Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

То́пікі ’дзіцячыя вязаныя тапачкі’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да топкі 4, топці (гл.) пад уплывам топаць?

То́піла, топ ’багна’ (Шатал.). Гл. тапіла.

То́пкі 1 ’балоцісты, гразкі, багністы; пра сыпучы грунт’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’ужываецца са словамі луг, сенажаць, балота, бераг (вадаёма), дно (вадаёма); такі, у якім не загразнеш’ (Янк. 2), ’гразкі, багністы’ (ТС), ’цвёрды (дзе не загразнеш)’ (узд., Сл. ПЗБ), то́пкій ’гразкі (бераг і пад.)’ (Бяльк.), ст.-бел. топкий ’гразкі, багністы’ (КГС). Вытворнае ад тапі́ць 1, гл.

То́пкі 2 ’тлусты, які дае многа тлушчу пры тапленні’ (Скарбы; стаўб., З нар. сл.), ’плаўкі’ (ТС), ’плаўкі, цвёрды’ (Ласт., Байк. і Некр.). Ад тапі́ць 2, гл.

То́пкі 3 ’здатны хутка загарацца’ (Нас.). Ад тапі́ць 3, гл.

То́пкі 4 ’тапачкі’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. смален. то́пки ’абцасы’ (выспяткі?): ножными топками топтали немлстівно (з помніка 1745 г., Барысава, Лекс. Смолен. края, 142), звязанае з то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), укр. палес. то́пкати, та́пкати ’таптаць’, што да топаць, гл. Параўн. топці, гл.

То́пленік ’тапелец’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), то́плянік (tòplanik) ’тс’ (Федар. 4), тапе́льнік ’тс’ (Байк. і Некр.), то́пельнік ’тс’ (Сл. ПЗБ), уто́пленік, то́пленік ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж то́пленік ’затанулае бервяно’ (пух., Сл. ПЗБ), то́пленікі ’патоплены ў вадзе лесаматэрыял’ (ТС), то́пленік, топля́к ’патануўшае бервяно, дрэва’ (лельч., Жыв. сл.), таплі́ннік ’тс’ (барыс., Сл. ПЗБ). Ад дзеепрыметніка (у)топлы ’затанулы’, што да тапіць 1, гл.

То́псацца ’таптацца, хадзіць, выконваючы якую-небудзь работу’ (брасл., Сл. ПЗБ). Відаць, ад топаць (гл.) з экспрэсіўным суф. ‑с(а), магчыма, праз стадыю аддзеяслоўнага назоўніка *топса, параўн. крыкса, плакса і пад. (гл. крыкса 2), адносна якіх гл. Сцяцко, Афікс. наз., 64 і наст.; Саевіч, Derywacja, 402.

То́пта ’той, хто многа есць’ (карэліц., ЖНС). Аддзеяслоўны назоўнік ад тапта́ць ’есці’ (гл. таптаць 1).

То́птанка ’бульбяная каша’ (брагін., ЛА, 4), ’бульбяная каша (з тоўчанай варанай бульбы)’ (стол., ЖНС), то́пта́нка ’тоўчаная бульба’ (ТС), то́пта ’тс’ (маладз., Жд. 2). Гл. таптуха.

То́пці ’тапачкі’ (ТС). Гл. топкі 4, тапці.

Тор 1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор 2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор 3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

То́ра 1 ’Пяцікніжжа Маісеева’, ’першая частка Бібліі ў яўрэяў’, ’скрутак з гэтым тэкстам’ (ТСБМ). Параўн. ідыш Tojre ’Пяцікніжжа; рэлігійнае вучэнне, дактрына’, што са ст.-яўр. thōrā́​h ’вучэнне, павучанне, закон’ (Міхельсон, Рус. мысль, 670; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 602).

То́ра 2 (то́ря) ’мякіна’ (Мат. Маг. 2) — у выніку характэрнага для гаворак усходу Беларусі адсячэння пачатковага а‑ ў лексеме ато́ра ’амеці’ (гл.), аналагічна да ткуль/аткуль, тлымаць/атлымаць ’адламаць’ (Бяльк.) і пад. Параўн. таксама аці́ра, аці́ры ’смецце’ (ЛА, 2) і чэш. otěřiny (sena) ’пацяруха (сена)’; усё да *terti ’церці’ з чаргаваннем галосных.