Плакса1 ’плаксівае дзіцё’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’той, хто часта плача без уважлівай прычыны’, ’які любіць скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ), пла́ксы ’крыксы, крык з плачам дзіцяці’ (Нас.). Адсутнічае ў Слоўніку І. Насовіча (ёсць плаксун(ок), плаксу́ння), а таксама ў Б. Грынчэнкі (ёсць у сучаснай укр. мове: плаксій, плаксія, плаксу́н, плаксійка, плаксу́ха і пла́кса). У польск. мове — з XV ст. płaksa ’плакальніца на пахаванні’, якое Банькоўскі (2, 616) адносіць да запазычанняў з усх.-слав. моў. Неабавязкова, бо ў польск. мове ёсць beksa (< bekać, beczeć ’раўсці, плакаць’ — літ. beksė́ti ’рыпаць’) з тым жа суфіксам ‑с‑а. Найбольш лексема прадстаўлена ў рус. мове, параўн. пла́кса, плаксуха ’плаксівы чалавек’; пла́кса ’вазак, які вязе ў царкву ўхутаную нявесту’; пла́кса/пла́ксы ’абрад: увесь час плачу, жалобных песень, што аплакваюць нявесту — ад змовін да зборнай суботы’, пла́ксы/крыксы ’начны, хваравіты крык дзіцяці’. Суф. ‑с‑а — уплыў балт. моў: у літ. мове яму адпавядае ‑sa, ‑sas, які ўтварае назоўнікі ад дзеясловаў: baĩsa ’страх’, švaisa/sviesà ’святло’, tamsà ’цемра’, papsà ’хто чмокае губамі’, а таксама kùksas ’бязрогі, галамоўзы’. Сюды ж плаксі́вы ’які часта плача; любіць наракаць, скардзіцца’; ’які падобны да плачу (пра голас)’ (ТСБМ).

Пла́кса2 ’плакун-трава, чальчак, Lythrum salicaria L.’ (б.-каш., жытк., Мат. Гом.), ’ажына валасістая, Luzula pilosa (L.) Willd.’ (гродз., Кіс.). Да пла́каць (гл.). Параўн. таксама плакун-трава, слёзны ’чальчак’ (Кіс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)