Пла́каць, пла́каці, пла́катэ, пла́кыць, пла́кацца ’праліваць слёзы ад болю, гора і пад.’, ’завываць, скуголіць, жаліцца’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС; ашм., Стан.; міёр., Нар. лекс.), ’аплакваць’ (ашм., Стан.), ’галасіць па нябожчыку’ (Сцяшк. Сл.), ’пацець (пра шкло)’ (ветк., Мат. Гом.). Укр. пла́кати, рус. пла́кать, польск. płakać, płakać (kogoś) ’аплакваць’, палаб. plokăt, н.-луж. płakaś, в.-луж. płakać, чэш. plakati, славац. plakať, славен. plákati, серб.-харв. пла̏кати, макед. плаче, балг. пла́ча, ст.-слав. плакати сѧ ’аплакваць, плакаць’. Прасл. *plakati sę ’біць сябе ў грудзі ў знак раскайвання або смутку ці жалю’ < і.-е. *plāk‑/*plōk‑: літ. plàkti ’біць, сячы, лупцаваць, хвастаць’, plõkis ’удар палкай, розгай’, лат. placinât ’тачыць’, ’плюшчыць’, ’адбіваць’, ст.-грэч. πλήσσω ’таўчы’, ’біць’, дарычн. πλαγά ’ўдар’, лац. plango ’біць сябе ў грудзі, моцна наракаючы’, гоц. flokan, перфект faíflōkun ’аплаквалі’, ст.-в.-ням. fluohhôn ’праклінаць, ганіць’ (Фасмер, 3, 272; Махэк₂, 453; Бязлай, 3, 46; Банькоўскі, 2, 616). Сюды ж: плакам плачучы, плачо́м плакаць ’слёзна, плачучы, наракаючы са скаргай’, плаклі́вы ’плаксівы’, ’жаласны’ (Нас.; Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)