Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свішч1 ‘загана ў чым-небудзь у выглядзе дзіркі, шчыліны, сітавіны’, ‘глыбокая гнойная язва ў тканках, органах цела; фістула’ (ТСБМ, Ласт.), ‘шырокая адтуліна паміж двума пярэднімі зубамі’ (Чэрн.). Укр. свищ ‘пусты арэх’, свисту́н ‘тс’, рус. свищ ‘свішч; чарвяточына ў арэху’. З *svistjo‑; да свіст, свістаць; гл. Міклашыч, 331; Фасмер, 3, 582. Параўн. сві́шчык ‘свісток’ (гл.), сьвішчэ́ць ‘свістаць’ (Касп., Сл. ПЗБ).

Свішч2 ‘кончык бізуна, пугі’ (Мік.), сюды ж сьвішчэ́ ‘маладыя карані сасны’ (Чэрн.). Да свістаць (гл.) на аснове гукавых уражанняў ад замаху, параўн. сві́снуць (сьві́снуць) ‘свіснуць, засвістаць’ і ‘выцяць пугаю, дубцом’ (Бяльк.). Сюды ж таксама сьвішчыпа́лка ‘хто любіць гуляць, не пільнуецца дому’ (Пятк.).

Свішчу́га ‘неўрадлівая зямля’ (ашм., Сл. ПЗБ). Да свістаць (гл.), семантычна ‘месца, дзе свішча вецер’.

Сві́шчык ‘свісток’ (Гарэц., Касп.). Укр. сви́щик ‘тс’. Ад свистаць (гл.) з суф. ‑jь і ‑ік.