Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Патос ’пласт (сена)’ (ветк., Мат. Гом.). Роднаснае да стос (гл.), у якім с‑ разумелася як прэфікс і змянілася на па‑.

Патоўпіць, ‑цца ’змясціць, -цца’ (Шат.). Балтызм. Параўн. літ. talpà ’аб’ём, ёмістасць’, лат. talpa ’памяшканне’, літ. til̃pti ’змяшчацца, уваходзіць’, tùlpinti ’даваць месца, змяшчаць’, лат. tìlpt ’тс’. Роднаснае з прасл. tъlpa/tьlpa ’натоўп’.

Патрабі́зна ’неабходнасць’ (Нас.), ст.-бел. потребизна ’патрэба’ (1388 г.) запазычана са ст.-польск. potrzebizna ’тс’. Параўн. таксама ўкр. потребизна ’тс’.

*Патрабі́лка, брэсц. потробСлка ’магазін’ (Сл. Брэс.). У выніку намінацыі рус. словазлучэння магазин потребительской кооперации.

Патрабі́ць ’пакараць смерцю’ (Шн. 2). Параўн. ст.-рус. потрѣбити/потребит ’знішчыць’, рус. ис‑требить ’тс’, якія звязаны з дзеясловам трѣбовати: серб.-харв. трщебити ’чысціць’, славен. trębiti ’чысціць, карчаваць’, польск. trzrebić ’тс’, в.-луж. trjebić ’пакладаць’, н.-луж. tfebiś ’карчаваць, расчышчаць’. Да прасл. terъ-, якое на ўсх.-слав. моўнай тэрыторыі дало тереб‑, параўн. рус. теребить ’церабіць’, а формы з треб‑ запазычаны з ц.-слав. мовы.

Патрабля́ць ’выкарыстоўваць’ (Нас.). З рус. потреблять ’тс’.

Патрабя́скі ’косткі з якіх абрэзана мяса’ (бар., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі лексем: польск. podroby ’вантробы’, бел. вантробы і польск. drobiazgi ’дробязі’.

Патра́ва1, потра́ва ’знішчэнне травы, пасеваў жывёлай’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Касп., ТС; лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), брэсц. потра́вляный ’з’едзены’ (Сл. Брэс.). Рус. потрава ’патрава’, ст.-рус. потравити ’паспасваць пасевы’, серб.-харв. по̏тра ’тс’. Да трава (гл.) < прасл. trava, якое спачатку абазначала ’харч, страву для людзей’, корм для жывёлы’, а пасля ’трава’, ’пэўныя віды траў’ (Брукнер, 575; Скок, 3, 494), а ’корм для чалавека’ — страва (гл.). Лексема trava — аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад truti, trovǫ, як slava < sluti, slovǫ). Пазней ад trava ўтварылася traviti: польск. trawić ’знішчаць’, ’выдаваць’, ’ператраўляць’, ’цкаваць’ і інш., а таксама іншая ступень чаргавання — серб.-ц.-слав. трыти, трыѭ ’церці, сцірацца’, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. троути ’знішчаць’. З traviti пры дапамозе прыстаўкі па‑/по‑ і ўтварыліся патраві́ць ’знішчыць’, патра́ва ’знішчэнне’.

Патра́ва2 ’страва, ежа (пераважна з травы)’ (ТСБМ, Мядзв., Яруш., Шпіл., Гарэц., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ’вадкая ежа’ (Сл. ПЗБ), ’скаромная ежа’ (Шн. 3), ’вараная (гатаваная) ежа’ (Нас.), ’блюда’ (бяроз., Сл. Брэс.). Укр. потра́ва ’ежа, блюда’, рус. зах., калуж.-маск. потрава ’страва, ежа’, якое Даль (3, 934) выводзіць з польскі ст.-рус. потрава ’збіранне сена, корму’; польск. potrawa ’ежа, блюда’, potraw ’атава (трава)’; чэш., славац. potrava ’ежа, харчаванне’, ’прадукты’, ’корм (для жывёлы)’, серб.-харв. по̀травнина ’плата за выпас’. Да патраві́ць, якое з po‑traviti ’ператравіць, ужыць’, ’карміць травой’, ’знішчаць’. Гл. таксама патра́ва1.

Патрактава́ць ’пачаставаць’ (Шат.). З польск. potraktować ’тс’, ’зрабіць, уладкаваць’, якое да traktować < італ. trattare ’пачаставаць’ (якое з лац. < trahere, tractum ’цягнуць’), tratto ’шлях’, trattoria ’карчма (ля дарогі)’. Гл. таксама патрахтаваць.

Патрана́т ’апякунства; выхаванне дзяцей-сірат пад кантролем дзяржаўных органаў’ (ТСБМ), ст.-бел. патронатъ ’апякунскае таварыства’ (XVII ст.). Запазычана са ст.-польск. patronat ’тс’, якое з лац. patrōnātus ’патранат, правы патрона’.