Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мату́з, матузок, мату́зка, матузы́, мотуз, мотузо́к, моту́зье, матузы́ ’вяровачка, вяроўка, шнурок, вузкая палоска тканіны для завязкі, гашнік’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сцяшк., Мядзв., Бір. дыс., Бяльк., Шн. 3, Чач., Шат., Грыг., Касп., Мат. Гом., Растарг., КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’моцна звязаны вузел’ (Нас., навагр., КЭС), ’спавівач’ (хойн., Шатал.), ’завязка’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), бар. матузні́ца ’лямка’ (Сл. ПЗБ), ’плеценыя льняныя ці пачэсныя шнуркі, якімі набіраюць малюнак на аснове пры закладанай тэхніцы ткання’ (слуц., КЭС), ’невялікі кіёчак з кавалкам палатна ці нацягнутымі вяроўкамі ў ткацкім станку’ (бяроз., Шатал.); ’канцы асновы пасля датыкання кроснаў’ (Мат. Гом.), драг. у мотузы ’тканне ў перабор’ (Уладз.). Укр. мо́туз, моту́ззя, моту́зка, мотузо́к, мотовʼя́з, рус. мото́уз, мотоу́з, мото́ус, мотоу́с, моту́з, мота́уз, польск. motowąz, motwąz, чэш. motovouz, motouz, славац. motúz, славен. motvȍz, motóz, серб.-харв. ма̀тузица, мотуз. Прасл. лексема motovǫzъ складаецца з асноў mot‑ (< motati) і (v)ǫz‑, ‑ęz‑ (< vezati). Сюды ж матузя́нка ’посцілка з матузоў’ (ТС). Гл. Міклашыч, 203; Фасмер, 2, 664; Бонк, JP, 28, 15; Махэк₂, 375; Бязлай, 2, 197.

Мату́зіць, матуза́ць ’біць гашнікам або вяроўкай’ (Бяльк., Нас.). Рус. смал. мотузить ’біць, сячы’. Да мату́з (гл.). Аднак гэтыя лексемы можна разглядаць як утварэнні з экспрэсіўнымі прэфіксамі ma‑, me‑, mu‑ (гл. Мяркулава, Этимология–74, 74).

Мату́ля1 (ласк.) ’маці’, мату́лечка, мату́лька ’мамачка’, ’пападдзя’ (ТСБМ, Нас., Яруш., ТС, КЭС, лаг.; гродз., горац., КЭС), светлаг. мату́ліца (лаянк.), ’маці’ (Мат. Гом.), матуля ’хрышчоная маці’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Рус. смал., маск. матуля, мату́лечка ’мамачка’, польск. matula. Прасл. паўн. matulʼa. Да маці (гл.). Аб суфіксе ‑ulʼa гл. Слаўскі, SP, 1, 110–111; Сцяцко, Афікс. наз., 173.

Мату́ля2 (ласк.) ’дзіцятка’ (Нас.). Утворана ад матаць (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ulʼa (matulʼа спачатку азначала ’нешта заматанае, спавітае’).

Мату́н ’манюка, хлуслівы чалавек’ (Бяльк.; смарг., Сл. ПЗБ). Рус. моту́н ’мот; бясчэсны, непастаянны, безалаберны’. Да матаць (гл.). Суфікс той жа, што і ў муцю́н (< муці́ць ’хлусіць’).

Мату́ся (ласк.) ’маці’ (Грыг., Бяльк.; паўд.-усх., КЭС), ’матушка, жонка папа’, ’манахіня’, мату́сечка ’тс’ (Нас.); мату́ся, мату́ська ’хрышчоная маці’ (Касп., Бяльк.; кругл., Мат. Маг.). Укр. мату́ся, мату́сенька ’тс’, рус. пск., смал., варон. мату́ся ’мамачка’, польск. matusia ’тс’. Прасл. паўн. matusьja (з экспрэсіўнай палатальнасцю). Да ма́ці (гл.).

Ма́тухна (паваж.) ’маці’, ’фамільярны зварот да жанчыны’ (паэт.), ’блізкая, родная’ (ТСБМ, Нас.; любан., Нар. словатв.), мату́люхна ’мамачка’ (Нас.), ст.-бел. матухна ’тс’ (XV ст.); рус. смал., калуж. ма́тухна, мату́хна ’маці, мамачка’, польск. matuchna. Паўночнаславянскае. Утворана ад маці (< mat‑) пры дапамозе суфікса ‑ux‑a (параўн. рус. паўн. ма́туха, мату́ха ’матухна’, ’старэйшая ў сям’і жанчына’), пашыранага суфіксам ‑ъnа. Суфікс ‑exъn‑a сустракаецца ў серб.-харв. асабовых імёнах: Matehna = Matej.

Ма́тушка ’пападдзя’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., КЭС). Укр. ма́тушка ’тс’, ’начальніца манастыра’. З рус. ма́тушка ’тс’.

Мату́шка1 ’маток нітак’ (Касп.; гродз., лудз., брасл., Сл. ПЗБ). Рус. мотушка ’тс’, ’катушка з ніткамі’. Бел.-рус. ізалекса. Да мата́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 72.

Мату́шка2 ’матавала, прылада, на якую матаюць ніткі’ (воран., Шатал., жлоб., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’прылада, на якую разматваюць ніткі з маткоў’ (навагр., Сцяшк. Сл.), рус. кастр., калін., маск., горкаўск. мотушка ’тс’, мату́шачка, мату́шычка ’нізка (грыбоў)’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Рус. арханг. матушка ’звязка абаранкаў дамашняга прыгатавання’. Бел.-рус. ізалекса. Да мата́ць (гл.).

Матч ’спартыўнае спаборніцтва паміж дзвюма камандамі’ (ТСБМ). З рус. матч, якое з англ. match ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Матыга́ мот, круцель’ (гарад., Нар. лекс.). Рус. алан. моты́га ’ветраны, нясталы чалавек’. Да мот (< мата́ць). Аб суфіксе ‑ыга гл. Сцяцко, Афікс. наз., 182.

Матыгава́цца ’прыстройвацца, каб што-небудзь зрабіць’ (Бір. Дзярж.). Да мадыгава́цца (гл.).