Ма́рля ’тонкая баваўняная тканіна з рэдка пераплётных нітак’ (ТСБМ). З рус. ма́рля ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73), якое з франц. marli ’марля, кісяя’ (Фасмер, 2, 574).
Мармела́д ’кандытарскі выраб з фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай’ (ТСБМ). З рус. мармелад ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80). Форма ж мармуля́да ’тс’ (Жд. 1; драг., КЭС) паходзіць з польск. мовы, параўн. лэнчыцк. marmulada ’тс’. Абедзве з франц. marmelade < партуг. marmelada ’тс’ < marmelo ’айва’ — скажонае лац. melimēlum, melimēlon < ст.-грэч. μελίμηλον ’мядовы яблык, айва’.
Мармі́ска ’кулеш’ (гродз., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, балтызм. Параўн. marmė́ti ’клякатаць’, ’кіпець’, ’пускаць пухіры’.
Мармоль ’нелюдзімы, негаваркі чалавек’ (ТСБМ), польск. сувальск. mormol ’мармыль, маўклівы’. Балтызм. Параўн. літ. marmãlius ’той, хто хутка і няясна, неразборліва гаворыць’. Параўн. таксама рус. калін. морму́лить ’ворчать’. Гл. таксама мармыль.
Марму́за 1 морму́за ’хара, морда’ (Нікан.), ’галава’, ’морда’ (ТС); шальч., трак., іўеў. ’маўклівы, негаваркі’, дзятл. ’бурклівы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), укр. ровен. ’свінячае рыла’ (ЛАПП), мармузова́ты ’тоўсты, неўваротны’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. marmū̃zė ’морда, рыла’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 34).
Марму́за 2 ’запэцканы’ (раг., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. marmùzas ’брудны, запэцканы сажай’.
Марму́за 3 ’рэдкая нясмачная страва’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Няясна. Гл. мармі́ска.
*Марму́каць ’мармытаць’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. marmùklis ’мармытун’.
Марму́лак, марму́лок ’брусок для вастрэння брытвы’ (Сцяшк.; слонім., Жыв. сл.; драг., КЭС). З польск. marmurek; ‑л‑ у бел. лексемы ў выніку дысіміляцыі р…р > р…л.
Марму́ль 1 ’жорны, млыновыя камяні’ (Федар. 6). З польск. marmul, якое ў выніку распадабнення з marmur. Да ма́рмур (гл.).
Марму́ль 2 ’пухліна на целе’ (Нікан.). З укр. моргуля, мордуля ’шышка, пухліна’. Да ўкр. варгу́ля ’шышка, гуля на ствале дрэва’, якое да варга ’губа’ < і.-е. *u̯erg‑ (ЕСУМ, 1, 333).
Марму́ль 3 ’буркун, негаваркі’ (в.-дзв., докш., лід., гродз., Сл. ПЗБ), ’нелюдзімы, бурклівы чалавек’ (Федар. 6), ’чалавек, марудны ў рухах і ў словах’ (КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. marmùklis ’той, хто бурчыць’, marmūnas ’той, хто гаворыць невыразна ў нос’. Сюды ж мармуць, мурмуць ’маўклівы чалавек’ (Крыў., Са сл. Дзіс.), утвораны пры дапамозе суфікса ‑ūtis ад marmė̃ti, murmė̃ti ’мармытаць, няясна гаварыць’.
Ма́рмур ’цвёрдая горная парода, якая ўжываецца для архітэктурных і скульптурных работ’ (ТСБМ, Нас., Бес.; швянч., Сл. ПЗБ), марму́рак ’папера, афарбаваная пад мармур’, марму́ркавы ’колерам падобны да мармура’ (Нас.), марвовы ’мармуровы’ (мін., Нар. сл.), ст.-бел. мармуръ, марморъ ’мармур’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. marmur, marmor (Булыка, Лекс. запазыч., 141; Кюнэ, 76), якія з лац. marmor ’тс’ < ст.-грэч. μάρμαρος ’камень’, ’бліскучы камень’.
Мармы́ль ’бурклівы мядзведзь, чалавек’, ’маўклівы чалавек’ (Касп., Нас., Некр.), ’маўклівы чалавек’ (клім., Мат. Маг.), мармылёк ’капрызнае дзіцё’ (Нас.), лун. мормы́ль ’мармытун, які гаворыць сам з сабой’ (Шатал.), мормэ́ля, мэрмэ́ля ’тс’ (ТС), мармы́ля ’нелюдзень’, ’той, хто незразумела гаворыць’ (докш., Янк. Мат.). Балтызм. Параўн. літ. murmùlis, murmuiỹs ’той, хто няясна гаворыць, бурчыць’ < murmė́ti, marmė́ti ’мармытаць, няясна гаварыць’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 120).