Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Люз ’невялікі прамежак паміж чым-небудзь’ (брасл., драг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. luz ’зазор, шчыліна’. Гл. таксама наступнае слова.

Лю́зны ’шырокі, свабодны’ (смарг., дзятл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. люзный, лезный, лиозный ’вольны, селянін, які не меў пастаяннага месца пражывання’ (XVI ст.), запазычана са ст.-польск. luźny, lóźny, loźny ’свабодны, які цесна не прылягае’, якія з с.-в.-ням. lōs ’вольны, адарваны, слаба прымацаваны’, lose ’свавольны’ < і.-е. leu‑s‑ ’аддзяляць, адрываць, адрэзваць’ (Булыка, Запазыч., 192; Слаўскі, 4, 393–394). Суч. лю́зны магло быць нядаўна запазычана другі раз.

Люк ’адтуліна (звычайна з векам) для пранікнення ўнутр або на паверхню чаго-небудзь’ (ТС), ’лаз у пограб’ (клім., Мат. Маг.). Запазычана з рус. люк ’тс’, якое ў пач. XVIII ст. (люйк) з гал. luik < с.-н.-ням. lûke (Фасмер, 2, 545).

Лю́каць ’моцна крычаць дзе-небудзь, напр., у лесе’ (Мядзв.), ’нападаць на каго-небудзь з лаянкай, з пагардлівымі воклічамі’, лю́канне ’нападзенне з лаянкай’, лю́кнуць ’крыкнуць на каго-небудзь’ (Нас.), смал. лю́канья ’нападзенні з крыкам і лаянкай’, люкать ’тс’, лю́кнуть ’крыкнуць, вылаяўшыся’. Гукапераймальнае. Параўн. рус. кур., тамб. люлю́кать ’нацкоўваць сабак, падахвочваючы іх гаўкаць і бегчы за зверам’.

Люкс ’нешта асабліва багатае, раскошнае, дабраякаснае’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 89), запазычана з рус. мовы, хаця не выключана магчымасць польск. крыніцы, параўн. luks, luksus ’раскоша’, ’каштоўная, прыгожая рэч’.

Люксовы ’дабраякасны’ (гродз., Сцяшк. Сл.) — са скарочанага польск. luksusowy ’раскошны’ < лац. luxus ’свавольства, распуста’, ’марнатраўства’, ’раскоша’.

Лю́лі! люлі‑люлі! — прыпеў у песні-калыханцы, ужываецца пры закалыхванні дзіцяці (Нас., ТСБМ). Укр. лю́лі, лю́лі‑лю́лі, рус. люли́, люлю́, польск. lu‑lu, lu‑li, чэш. luli, серб.-харв. љу̑, љу̏, балг. люли, лю‑лю. Выклічнік мовы дзіцяці. Параўн. падобныя літ. liū̃lia, liū̃li, лат. lul̃luo, lul̃lu, luļļu, ням. lullull, швед. lulla, а таксама ст.-інд. lṓlati ’рухаецца туды-сюды’ (Фасмер, 2, 545–546; Слаўскі, 4, 349; БЕР, 3, 578). Сюды ж лю́лінькі, лю́лічкі ’спаць’ (Нас.), люляшынкі ’тс’ (Федар. Дад.).

*Лю́ліць, пін. люлі́ты ’лашчыць, любіць’ (Булг.), люля́ны ’дагледжаны’ (гродз., Сцяшк. Сл.). У выніку семантычнага пераносу ў лексемы люля́ць ’калыхаць’ > ’клапаціцца’ > ’лашчыцца’.

Лю́лька1 ’прылада для курэння’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Бес., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.). У Беларусь гэта слова магло трапіць праз укр., рус. ці польск. мовы. Першакрыніца — тур. lüle, азерб. lülä ’люлька, галоўка люлькі’, якія з перс. lūlä ’тс’ (Фасмер, 2, 546; Слаўскі, 4, 378; Козыраў, Тюркизмы, 11). Сюды ж лю́лечка, лю́лечны, лю́лькавы (ТСБМ).

Лю́лька2, лю́ля ’калыска’ (ТСБМ, Гарэц., В. В., Др.-Падб., Бяльк., Нас., Растарг., Шат., Касп., Ян., ТС), ’тс’, ’каляска ў матацыкла’ (Сл. ПЗБ). Укр. лю́лька, лю́ля, рус. лю́лька, лю́ля, лю́ленька ’тс’, лю́лечка ’карзіна для збору ягад’, ’кошык’, дан. ’сядзенне на драбінах’, перм. ’сядзенне на дрэве ў выглядзе памоста пры паляванні на мядзведзя’; польск. lula, бельск., усх.-польск. lulka, серб.-харв. љу́ља љу̑лька ’калыска’, ’арэлі’, макед. лулка, lʼulʼka ’арэлі’, балг. люлка ’арэлі’, ’калыска’, радопск. ’посцілка для нашэння дзяцей за плячыма’. Прасл. lʼulʼьka ’калыска’ < lʼulʼati > люля́ць. Найбліжэйшы адпаведнік — літ. liũlė ’калыска’. Параўн. калыскакалыхаць, зыбказыбать.

Лю́лька3 ’лічынка’ (малар., Анох.). Відавочна, з ля́лька (гл.). Сюды ж люлю́шка ’адростак на храпцы ў выглядзе невялікага качана’ (паст., Сл. ПЗБ).

Люля́к ’дурнап’ян, Datura stramonium L.’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Назва паходзіць з польск. lulek ’чорны блёкат, Нуосуаmus niger L.’, запазычанага праз ст.-в.-ням. (lolli) > с.-в.-ням. мову (дзе lulch, lulich > ням. Lolch ’жыцік’ з лац. lolium, якое называла не толькі расліну жыцік ап’яняючы ’Lollium temulentum L.’, але і іншыя атрутныя, адурманьваючыя расліны (Махэк, Jména, 206; Слаўскі, 4, 377–378).