Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гарла́ч ’збанок’, ’збанок з доўгім горлам’, ’збан’ (БРС, Нас., Касп.), гарла́ч, гарла́сьцік ’збанок без ручкі’ (Сцяшк., Бяльк.), рус. горла́ч. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 216), зыходзіць да прасл. *gъrdlačь (да *gъrdlo ’горла’).

Гарла́чык ’вадзяная лілія, банька’ (БРС, Касп., Бяльк.), гарла́чыкі (Нас.). Ад гарла́ч ’гліняны збанок’ (гл.). Назва дадзена расліне па форме кветак, якія нагадваюць збанкі. Параўн. іншыя назвы гэтай расліны ў бел. мове: ба́нька, глечыкі, кушынкі, жбанкі (Кіс., 87–88); ва ўкр. мове: глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243); рус. кубы́шка. Параўн. таксама рус. дыял. назву горла́чики (для вадзяных раслін, СРНГ, 7, 39).

Гарлі́вы ’гарлівы, старанны, руплівы’ (БРС, Нас.), гарлі́васць (Нас.), гарлі́ва (БРС, Нас., Сцяшк.). Запазычанне з польск. gorliwy, gorliwość ’тс’ (Слаўскі, 1, 320; там і падрабязна аб паходжанні польск. слова).

Гарлі́ца1 ’расліна Berteroa L.’ (БРС, Кіс., рус. икотник). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), з зыходнага прасл. *gъrdica (да *gъrdlo ’горла’).

Гарліца2 ’ангіна’ (Сцяшк.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), да зыходнага прасл. *gъrdlica (< *gъrdlo ’горла’). Геаграфія слова (толькі ў Сцяшк.), аднак, схіляе да думкі, што гэта запазычанне з польск. Параўн. у Карловіча, II, 55: «gardlica (gorlica) ’gruczoły w gardle’».

Гарло́вы ’які адносіцца да горла, датычыцца ежы (горловая справа)’ (Нас.). У параўнанні з сучасным гарлавы́ націск у слове гарло́вы вельмі падазроны: ці не паланізм гэта (gardłowy)?

Га́рля ’пажарышча; месца, дзе калісьці быў пажар’ (Яшкін). Магчыма, з *garьje (да *garь < *gorěti) з дыялектнай зменай ʼj > ʼl.

Гарля́нка ’гарлянка, Prunella, адварам якой лечаць боль у горле’ (Нас., Шат., Сцяшк., Бяльк., Сл. паўн.-зах., параўн. і БРС), ’Brunella vulgaris L.’ (Касп.: «Напар гарлянкі мне — нешта горла забалела»). Ад го́рла (гл.) суфіксам ‑янка. Назва дана паводле лячэбных уласцівасцей расліны.

Гармані́сты ’гарманіст’ (Шат., Касп., Сцяшк.). Параўн. рус. гармони́ст. Да гармонь (гл.). Цікавым тут з’яўляецца словаўтваральны тып на ‑істы, які, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), узнік на аснове суфікса катэгорыі nomina agentis ‑tajь з далейшым упадабленнем да суфіксацыі прыметнікаў на ‑істы (сляды балтыйскага ўплыву, паводле Мартынава, тут носяць вельмі апасродкаваны характар). У літаратурнай мове — гарманіст (БРС, таксама Сцяшк.); параўн. і рус. гармони́ст.

Гарма́та ’гармата’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У ст.-бел. мове гармата, армата, ормата (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. мовы (harmata, armata) < лац. armata (Булыка, Запазыч., 79). Ст.-укр. гармата, армата, укр. гарма́та можна лічыць запазычаннем з іт. armata (гл. Рудніцкі, 1, 573, там і літ-ра).

Гарміда́ ’веліч’ (Шат.) = рус. громадина. Здаецца, нейкае гібрыднае, кантамінаванае слова (штосьці тыпу гармідар + грамада?).