Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раскара́ка — пра чалавека з шырока пастаўленымі нагамі (ТСБМ, Сл. ПЗБ), роскора́ка ’нешта раздвоенае, растапыранае’: роскорака ў граблях (ТС). Сюды ж роскараку́н ’крываногі чалавек’, ро́скарач ’расставіўшы ногі’ (там жа). Параўн. таксама раскірэ́ка ’той, што мае крывыя ногі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), раскіра́ка ’тс’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), разгіра́ка ’тс’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. роскаря́ка ’дрэва з раздвоеным ствалом; чалавек, што ходзіць расставіўшы ногі’, раскоряка ’тс’. Відаць, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад раскара́чыць ’шырока расставіць ногі’, параўн. таксама укр. роскаря́чити ’тс’, славен. razkoračiti ’раскарачыцца’, razkorak ’шырока пастаўленыя ногі’, што ўзыходзяць да прасл. *korakъ, параўн. кора́к ’крывы корань, корч’ (ТС), роднаснага да *korkъ, гл. крок (параўн. Сной₂, 308). Формы з коранем ‑кір‑ (варыянт ‑ґір‑, гл. Карскі 2-3, 39) маглі ўзнікнуць пад уплывам літ. kereti, keróti ’разрастацца ўшыркі, разгаліноўвацца’, параўн., аднак, і польск. kierz ’куст’, чэш. keř ’тс’, славен. razkrečiti ’стаць уразкрок, пашырыць, расставіць ногі’, што сведчаць пра чаргаванне *kor‑/*ker‑/*kъr‑. Параўн. падобныя адносіны: кірна́ч ’крываногі мужчына’ (Скарбы), гл. кірнаты, літ. kìrna ’корч’. Сюды ж раскара́кі мн. л. ’штаны (у загадцы)’, што ўяўляе дэвербатыў ад раскара́чыць са спецыялізаваным звужэннем семантыкі, абумоўленым энігматычным ужываннем.

Раскарані́цца ’абзавесціся сям’ёй’ (Сл. ПЗБ). Відаць, ад карані́цца ’разрастацца, укараняцца’, параўн. ст.-бел. корень, якое акрамя значэння ’корань’, мела таксама значэнне ’племя, род’ (Ст.-бел. лексікон). Важна адзначыць, што роднасная форма літ. *keróti значыць не толькі ’пускаць карані’, але і ’разрастацца ўшыркі’, ’выпускаць новыя галіны (пра наземную частку дрэва, куста)’. Гл. ко́рань.

Раскара́ч ’кусок палатна з махрамі, ручнік для нашэння гаршчкоў (з ежай) у поле’ (Гарэц., Касп.), рыскыра́ч ’тс’ (талач., Шатал.; дубр., Нар. словатв.), раскара́ч, ръскъра́ч ’трапкач, прыстасаванне з канцоў недатканага палатна, у якое ўвязвалі пасуду з ядой’ (кругл., дубр., горац., ЛА, 5), раскара́ч ’ручнік (для посуду)’ (кругл., ЛА, 4; Стан.). Дээтымалагізацыя ў выніку сцяжэння падвойнага зычнага на стыку прыстаўкі і кораня ў зыходным прэфіксальным утварэнні рас‑скара́ч, гл. скарач. Можна дапусціць кантамінацыю славянскай (тыпу раскара́ка, гл.) і балтыйскай па паходжанні лексем аналагічна да раскярэ́ша, гл. (раскарака, керайша, параўн. Непакупны, Связи, 195).

*Раскарбава́ць, роскарбова́ць ’размеціць зарубкамі, памеціць’ (ТС). З рас- і карбаваць (гл.).

Раскаркалі́цца ’разрасціся’ (Сл. ПЗБ). Да каркаліна, каркалісты (гл.).

Раскарпа́ць, раско́рпаць ’павялічыць паглыбленне, адтуліну ў чым-небудзь’ (ТСБМ), роско́рпаць ’раскатурхаць’ (ТС). З рас- і карпа́ць, ко́рпаць (гл.).

*Раскатруба́чыць, роскотруба́чыць ’раскудлаціць’ (ПСл). Няясна; магчыма да *каструба́чыць, што ўзыходзіць да *kostrъba, kostroba, kostrǫba ’лахманы, раскудлачаная галава’, звязанае з прасл. *kostra ’кастрыца, ачосы’ (Махэк₂, 283; ЭССЯ, 11, 163). Гл. каструбаваты.

Раскату́рхаць ’растармашыць’ (Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), роскатурха́ць ’разбудзіць штуршкамі’ (ТС). Да катурхаць (гл.). Параўн. растурхаць, гл.

Раска́ты мн. л. ’двухкалёсны воз для вывазу лесу’ (Касп.), ’калёсы (воз) для возкі бярвенняў’ (Бяльк., Мат. Маг.). Ад раскаці́ць ’расцягнуць, развесці’, першапачаткова ’расцягнуць пярэднюю і заднюю частку воза, каб павялічыць яго даўжыню’, гл. каціць.

Раска́хліваць ’напальваць празмерна’ (мсцісл., Юрч. Вытв.). Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад ка́хля, звычайнай дыялектнай рэалізацыі ка́фля (гл.). Семантычны ланцужок можа выглядаць наступным чынам: ’кафля’ → ’печка з кафлі’ → ’празмерна напальваць (печку).