Тапу́н ’наш нацыянальны танец’ (Варл.). Ад топаць, гл.
Тапу́рыць ’паднімаць, растапырваць пер’е і інш.’ (ашм., Стан.), тапу́рыцца ’выстаўляцца, фарсіць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. дыял. топо́риться ’тс’, макед. топори се ’задзірацца; выстаўляцца, задзіраць нос’, ’тырчаць’. Відаць, таго ж паходжання, што і тапырыць (гл.), параўн. Фасмер, 4, 80.
Та́пці ’лёгкі хатні абутак’ (ваўк., ЛА, 4), ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), адз. л. та́паць ’лапаць; сандаля’ (Яўс.), то́пці ’тапачкі’ (ТС), тэ́пці ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Відаць, утварэнне ад тапкі (гл.), змененае пад уплывам лапці, топаць, тэпаць, гл. Непразрыстыя адносіны да семантычна блізкіх польск. kapcie ’хатні абутак’ (з XVI ст.), дыял. papcie ’тс’, славац. kapce ’суконны абутак з халяўкамі’ няяснага паходжання (Слаўскі, 2, 52).
Тапчагі́ ’нары’ (Ласт.). Няясна; у сувязі з адзінкавай фіксацыяй, магчыма, аўтарскае ўтварэнне Ластоўскага на базе тапчан (гл.), мн. л. пад уплывам нары.
Тапча́к ’род коннага прывода’, ’малатарня, што рухалася ад таптання валоў’ (Варл.), ’крупадзёрка’ (Мат. Гом.), тапта́к ’прымітыўны рухавік для рэзання сечкі’ (Скарбы), топчаны́ ’прылада для памолу зерня, што прыводзіцца ў рух коньмі’ (ПСл). Ад тапта́ць 1 (гл.), параўн. таптальная малатарня ’малатарня з драўляным колам, якое прыводзілася ў рух валамі ці коньмі, якія рухаліся на адным месцы’ (вілен., віц., Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974, 69).
Тапча́н ’нізкі ложак з дошак на козлах’, ’пакаёвая шырокая лаўка са спінкай’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт.), ’шырокая лава’ (Касп., Гарэц., Сержп. Прымхі), ’простая шырокая лава для качання бялізны’ (Нас., Байк. і Некр.), ’канапа’ (Сцяшк., Вруб., Сл. ПЗБ), топча́н ’тс’ (ТС). Укр. тапча́н, топча́н, рус. топча́н, польск. tapczan ’тс’. Цюркізм, з тат. tapčan ’узвышэнне, трон; ляжанка’. Анікін (554) мяркуе, што значэнне ’канапа’ сведчыць пра польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 517.
Тапчані́ ’тоўчаная бульба’ (Ян.). Гл. тапчо́нікі, топчанка.
Тапчэ́й зневаж. ’пра таго, хто паволі, марудна ходзіць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Утварэнне ад таптаць 1 (гл.) з суф. ‑эй, што абазначае асобу па схільнасці да пэўнага дзеяння з экспрэсіяй асуджэння (Сцяцко, Афікс. наз., Зб).
Тапы́ршчыць ’тапырыць’ (ТСБМ). Параўн. тапарашчыць (гл.), да наступнага слова.