Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раскалу́жыцца ’разварушыцца’: пакуль ён раскалужыцца з хворай нагой, дык я буду ўжо аш на балоця (віл., Нар. сл.). Няясна. Да незафіксаванага *калу́жыцца, параўн. калю́жыцца ’пэцкацца ў гразі, у калюзе’ (ТС), далей гл. калу́жа. Семантычнае развіццё невыразнае: ’пэцкацца ў гразь у калюзе’ → ’ісці па гразі’ → ’ледзь варушыцца, паволі ідучы’.

Раскалясі́цца ’разгалінавацца’: клён раскалясіўся (пух., Сл. ПЗБ), ’пашырыцца, разрасціся на ўсе бакі’ (Сцяшк. Сл.). Фанематычны варыянт раскаласі́цца, якое да колас (гл.), з празрыстым семантычным развіццём.

Раскама́рыцкі ’танец камарынская’ (Мядзв.). Экспрэсіўнае ўтварэнне, параўн. растуды́ яе туды́ ’каб ёй пуста было!’ (Мат. Маг. 2), ад кама́рыцкі, прастамоўнай трансфармацыі кама́рынскі/кама́рынская, якое ідэнтычна рус. камари́нская ’народная песня для скокаў; танец пад гэтую песню’ (паводле некаторых аўтараў, кампазітар Глінка выкарыстаў беларускую народную мелодыю). Параўн. аналагічнае рус. асташ. раскамари́нская.

Раскапі́ць ’расшчапіць’ (віл., Сл. ПЗБ). Ад *расскапіць < *‑skop‑/‑*skep‑, параўн. раскеп (гл.).

Раскапу́сціцца ’празмерна шырока рассесціся’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., Ян.), ’расшырыцца, заняць шмат месца’ (Варл.), ’разрасціся’ (Мат. Гом.), укр. роскапу́ститися ’тс’, рус. смол. раскапуститься ’тс’. Яшчэ Насовіч тлумачыў ’сесці шырока, падобна да капусты, што займае сваімі лістамі вялікую прастору на градзе’ (Нас.), гл. таксама Фасмер, 2, 188. Сюды ж раскапу́сціцца ’апусціцца, пасці духам’ (Касп.), відаць, пад уплывам раскі́снуць (гл.) або капу́ціцца ’канаць, здыхаць’ (Нас.), гл. капут. Параўн. рус. разм. і дыял. раскапу́ститься з падобнай семантыкай.

Раскапэ́нда ’няскладны, нязграбны чалавек’ (лаг., Гіл.). Магчыма, ад раскапіць ’расшчапіць’ (гл.) з экспрэсіўнай суфіксацыяй.

Раскара́ка — пра чалавека з шырока пастаўленымі нагамі (ТСБМ, Сл. ПЗБ), роскора́ка ’нешта раздвоенае, растапыранае’: роскорака ў граблях (ТС). Сюды ж роскараку́н ’крываногі чалавек’, ро́скарач ’расставіўшы ногі’ (там жа). Параўн. таксама раскірэ́ка ’той, што мае крывыя ногі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), раскіра́ка ’тс’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), разгіра́ка ’тс’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. роскаря́ка ’дрэва з раздвоеным ствалом; чалавек, што ходзіць расставіўшы ногі’, раскоряка ’тс’. Відаць, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад раскара́чыць ’шырока расставіць ногі’, параўн. таксама укр. роскаря́чити ’тс’, славен. razkoračiti ’раскарачыцца’, razkorak ’шырока пастаўленыя ногі’, што ўзыходзяць да прасл. *korakъ, параўн. кора́к ’крывы корань, корч’ (ТС), роднаснага да *korkъ, гл. крок (параўн. Сной₂, 308). Формы з коранем ‑кір‑ (варыянт ‑ґір‑, гл. Карскі 2-3, 39) маглі ўзнікнуць пад уплывам літ. kereti, keróti ’разрастацца ўшыркі, разгаліноўвацца’, параўн., аднак, і польск. kierz ’куст’, чэш. keř ’тс’, славен. razkrečiti ’стаць уразкрок, пашырыць, расставіць ногі’, што сведчаць пра чаргаванне *kor‑/*ker‑/*kъr‑. Параўн. падобныя адносіны: кірна́ч ’крываногі мужчына’ (Скарбы), гл. кірнаты, літ. kìrna ’корч’. Сюды ж раскара́кі мн. л. ’штаны (у загадцы)’, што ўяўляе дэвербатыў ад раскара́чыць са спецыялізаваным звужэннем семантыкі, абумоўленым энігматычным ужываннем.

Раскарані́цца ’абзавесціся сям’ёй’ (Сл. ПЗБ). Відаць, ад карані́цца ’разрастацца, укараняцца’, параўн. ст.-бел. корень, якое акрамя значэння ’корань’, мела таксама значэнне ’племя, род’ (Ст.-бел. лексікон). Важна адзначыць, што роднасная форма літ. *keróti значыць не толькі ’пускаць карані’, але і ’разрастацца ўшыркі’, ’выпускаць новыя галіны (пра наземную частку дрэва, куста)’. Гл. ко́рань.

Раскара́ч ’кусок палатна з махрамі, ручнік для нашэння гаршчкоў (з ежай) у поле’ (Гарэц., Касп.), рыскыра́ч ’тс’ (талач., Шатал.; дубр., Нар. словатв.), раскара́ч, ръскъра́ч ’трапкач, прыстасаванне з канцоў недатканага палатна, у якое ўвязвалі пасуду з ядой’ (кругл., дубр., горац., ЛА, 5), раскара́ч ’ручнік (для посуду)’ (кругл., ЛА, 4; Стан.). Дээтымалагізацыя ў выніку сцяжэння падвойнага зычнага на стыку прыстаўкі і кораня ў зыходным прэфіксальным утварэнні рас‑скара́ч, гл. скарач. Можна дапусціць кантамінацыю славянскай (тыпу раскара́ка, гл.) і балтыйскай па паходжанні лексем аналагічна да раскярэ́ша, гл. (раскарака, керайша, параўн. Непакупны, Связи, 195).

*Раскарбава́ць, роскарбова́ць ’размеціць зарубкамі, памеціць’ (ТС). З рас- і карбаваць (гл.).