◎ Нару́шнік ’ручайка, верацяно з напрадзенымі на яго ніткамі’ (Бяльк.), ’манжэта’ (Мат. Маг.). Да руки (гл.).
Нарцы́с ’расліна Narcissus poeticus’ (БРС, ТСБМ), нарцыз ’тс’ (Некр. і Байк.). Відаць, праз польск. narcyż, narcys ’тс’, дзе непасрэдна з лац. narcissus < грэч. νάρκισσος, названага так з-за дурманячага паху (гл. нарко́з).
На́ры ’падмосткі, дошкі на козлах для спання’ (Яруш., Бяльк.), ’насціл з дошак для спання, палок’ (Сл. ПЗБ), ’насілкі для вынасу нябожчыкаў’ (Грыг., Сцяшк., Янк.), ’падстаўка пад галаву нябожчыка’ (ТС). Не можа разглядацца асобна ад ма́ры ’пахавальныя насілкі’ (Нас.), насуперак Фасмеру (3, 46), апошняе праз польскую і чэшскую мовы з ням. Bahre ’насілкі’ (Брукнер, 324; Махэк₂, 352).
◎ Нарыжава́цца (нарыжовицца) ’нарумяніцца’ (ТС). Відаць, да ружовы ці да руж ’румяны’ (< польск. ruż, rużoimć з франц. rouge ’чырвоны’), збліжанае да рыжы ’рыжы, светла-карычневы’, параўн. наружова ’да падрумяненага стану’ (Сл. ПЗБ).
◎ Нарыжава́ць ’накласці чаго-небудзь у вялікай колькасці’ (віл., Нар. сл.), нарыжавицца ’сабрацца пайсці, паехаць куды-небудзь’ (там жа). Няясна; апошняе слова, магчыма, ад літ. ryžtis ’рашыцца, рашацца’, параўн. таксама рус. нарыгнуться ’наведаць каго-небудзь ці што-небудзь’ (СРНГ).
◎ Нары́йніца ’эпітэт свінні і мянушка неахайнай жанчыны’ (Кліх). Відаць, да нарыць (гл. рыць); назва ўтворана, магчыма, з мэтай ахоўнай магіі, параўн. рыкання, рыкуха, рыкёля (пра карову) і пад.
◎ Нары́каціць (нарыкоціць) ’натрапіць, наскочыць незнарок’, ’набраць, назбіраць’ (ТС). Няясна, магчыма, звязана з парыцца ’наткнуцца, напароцца’ (ТС) ад рыць ’рыць, разграбаць’, нарынуць ’натрапіць’ (ТС) ад рынуць (гл.), параўн. балг. рина ’разграбаць, ачышчаць’ і пад.
◎ Нары́льнік ’высыпка, маленькія прышчыкі на губах’ (Бяльк.). Да рыла ’лыч, перан. твар у чалавека’, параўн. рылаты ’які мае тоўстыя, абвіслыя губы’ (Нас.).
◎ Нары́на ’замеценая снегам дарога’ (Касе). Ад нарынуць ’намесці, наваліць’: снегу нарынуло ’навеяла’ (полац., Шн. 2, 454), параўн. нарынуць ’напасці, наляцець’ (ТС), нарынуцца ’напасці, накінуцца, наваліцца’ (Яруш., Бяльк., Мат. Гом.), да рынуць (гл.).
◎ Нары́нуць ’напасці, наляцець раптоўна’, ’натрапіць, наткнуцца’ (ТС). Да рынуць (гл.); паводле Мяркулавай (Этимология–1978, 98), для праслав. *narinęti sę характэрна было значэнне ’накінуцца, напасць, наляцець’ пры *rinęti ’піхаць’ (^выклікаць рух’ < ’знаходзіцца ў руху’ < ’цячы, ліцца’).