Вярблю́д (БРС), укр. верблюд, рус. верблюд, ст.-рус. верблюдъ (верблудъ), верьбудъ (вербюдъ) (з XII ст.), польск. wielbłąd, в.-луж. wjelbłud, чэш. velbloud, славац. veľblúd, славен. velblòd, балг. велблюд, ст.-слав. вельбѫдъ, вельблѫдъ. Прасл. velьbǫdъ запазычана з гоц. ulbandus < грэч. ἐλέφας, ἐλέψαντος ’слон’. Першапачаткова, відаць, было vъlbǫdъ, пасля відазмянілася пад уплывам народнай этымалогіі, якая атаясамлівала яго са словамі велии ’вялікі’ (< velьjь) і блѫдити (< blǫditi) ’блукаць’, а ў выніку дысіміляцыі ‑л‑ у складзе вельб‑ з’явілася ‑р‑ (Праабражэнскі, 1, 72; Шанскі, 1, В, 55–56; Фасмер, 1, 293; Кіпарскі, Gemeinslav., 213). Сюды ж вярблю́джы, вярблю́джына, вярблю́дзіца (БРС).
Вярблю́дка ’расліна вярблюдка, Corispermum L.’ (БРС, Кіс.), укр. верблюдка ’скрыпень чатырохгранны, Epilobium tetragonum L.’, рус. верблюдка ’вярблюдка’. Бел. назва расліны запазычана з рус., дзе суадносіцца з лексемай верблюд; параўн. рус. верблюдка//верблюжья трава (Даль, 1, 438). Да вярблюд (гл.).
Вярбня́к ’зараснік вярбы, вербалозу’ (БРС, Мат. Гом.), укр. вербняк ’вярбовы гай’. Утворана ад вярба (гл.) і суф. ‑няк, які ва ўсх.-слав. мовах утварае назвы гаю ад назвы дадзенага віду дрэў.
Вярбо́ўка ’набор, наём, прыцягванне добраахвотнікаў у якую-небудзь арганізацыю’. Бел. лексема ўтворана ад дзеяслова вербаваць, які (таксама як і рус. вербовать) быў запазычаны з польск. werbować ’набіраць у войска’; ’старацца знайсці сабе аднадумцаў, добраахвотнікаў’ < ням. werben ’набіраць рэкрутаў’ (Фасмер, 1, 294; Шанскі, 1, В, 56; Брукнер, 608). Гл. вербаваць.
Вярбяніца ’чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (гродз., Кіс.). Утворана ад прыметніка vьrběnъ і суф. ‑ica.
*Вярве́чка, вэрвэ́чка ’частка абутку’ (Бес.). Да вяро́вачка (гл.). Пад уплывам польскай мовы відазмяніўся суфікс, націск слова на перадапошнім складзе, а ў сувязі з гэтым адбылося скарачэнне групы ‑ров‑ > ‑рв‑.
Вяргі́ня ’кветка, Dahlia Cav., Dahlia variabilis Desf.’ (БРС, Кіс., Шат., Касп.; глус., Янк. Мат.), укр. жоржина, рус. георги́н(а), польск. georgina, в.-луж. jurina, чэш. jiřina, славац. georgína, славен. georgina, серб.-харв. георги́на, макед. георгина, балг. георгина. Кветка Dahlia ў ням. мове была названа ў гонар рускага батаніка І. Г. Георгі ў 1801 г. Georgine (Клюге, 119; Фасмер, 1, 402) і ў першай палавіне XIX ст. запазычана ў рус. мову (Гараеў, 1896; Шанскі, 1, Г, 55–56). У бел. гаворкі — з польск. або з рус. мовы. Пачатковае г‑ (g‑) вымаўлялася як [й] або [г], якія замяніліся прыстаўным в‑. Глус. вяргі́ня ’табака з прыемным пахам’ (Янк. Мат.) з’яўляецца пераносам паводле падабенства.
*Вяргу́ля, вэргу́ля ’верхняя частка вулля-калоды’ (нараўл., Анох.). Укр. чарніг. варґуля ’гуз (на галаве)’. Узыходзіць да хойн., браг. варгу́ля, варґу́ля ’нарасць на дрэве, якую адрэзвалі і накрывалі ёю калоду-вулей’ (Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). З польск. warga, wargula ’губа’. Гл. яшчэ вургу́ль.
Вярза́ ’балака, гаварун, балбатун’ (Грыг.), укр. верзи́ця ’пустамеля’, рус. перм. верзи́ла ’той, хто гаворыць лухту, недарэчнасці’. Да вярзці́ (гл.).
Вярзе́я ’пустая размова, брахня’ (Бяльк.). Утворана ад дзеяслова вярзці (< вьрз‑ти) і суф. ‑ея (< ěja), які з’яўляецца варыянтам (ж. р.) балта-славянскай суфіксальнай інавацыі ‑ějь (Мартынаў, Дерив., 23–24, 52; Слаўскі, SP, 1, 87). Аб прадуктыўнасці суф. у бел. гаворках гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36.