Вярба́ ’расліна, Salix L., Salix alba L., Salix fragilis L.’ (БРС, Кіс., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц.), вэрба́ ’вярба’ (Бес.), укр. верба, рус. верба ’тс’, астрах, ’назва любога дрэва’, польск. wierzba, каш. věřba ’вярба’, н.-луж., в.-луж. wjerba, чэш. vrba, славац. vŕba, славен. vŕba, серб.-харв. вр́ба, макед. врба, балг. върба ’вярба’, ст.-слав. врьба, врьбиѥ. Прасл. vьrbá ’лаза, гнуткая расліна’. Да першаснага значэння параўн. такія формы, як вербалоз і інш. Прасл. лексема роднасная да літ. vir̄bas ’дубец, сцябло, лазіна’, лат. vir̂bs ’палачка’, прус. wirbe ’канат, ліна’, грэч. ραπίς, ράβδος ’дубец’, лац. verbēna ’дубцы лаўра’, verbera ’дубцы, якімі секлі, каралі’, ст.-в.-ням. rëba ’вінаградная лаза’. Узыходзіць да і.-е. *u̯erbes < u̯er‑ ’гнуць, віць’ (Траўтман, 360). Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 72; Міклашыч, 383; Мюленбах-Эндзелін, 4, 602; Вальдэ, 819; Брукнер, 617; Скок, 3, 620; Фасмер, 1, 293; Младэнаў, 91; БЕР, 1, 208; Шанскі, 1, В, 54–55. Махэк₂ (699) і КЭСРЯ (74) лічаць vьrbá суфіксальным утварэннем, дзе ‑ba надае значэнне зборнасці. Аб суфіксе ‑ba гл. яшчэ Мартынаў, Дерив., 16–19. Сюды ж ніц., гродз., гом. вербалоз ’вярба казіная’, маг., гродз. ’вярба пяцітычынкавая’ (Кіс.), вярбо́вы (БРС, КТС, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)